У Гародню прыехалі “крылатыя гусары”



Цягам выходных гарадзенцы атрымалі магчымасць на свае ўласныя вочы ўбачыць, як выглядала шляхта Рэчы Паспалітай і яе вайсковая эліта.

OLYMPUS DIGITAL CAMERA

Рэканструктары з усёй Польшчы з’ехаліся, каб ушанаваць 430-ую гадавіну смерці караля Стэфана Баторыя, які быў адным з самых выбітных уладароў Польскай Кароны і ВКЛ. Бартош Седляр — рэканструктар гусарскай харугвы гетмана Станіслава Жалкеўскага — раней ушаноўваў памяць караля ў Кракаве ў Вавельскім замку і зараз вельмі ганарыцца, што можа гэта здзейсніць у горадзе, дзе ў снежні 1586 года памёр кароль.

Маю надзею, што гэта прамень пазітыўнага і добрага святла да супрацы Польшчы з Беларуссю, пацяплення стасункаў. Бо, як ведаем, паміж беларускім і польскім народамі гэтыя дачыненні вельмі добрыя. Тым больш, гэта і беларуская гісторыя. Я думаю, што беларусы таксама павінны ўшаноўваць памяць Стэфана Баторыя як выбітнага кіраўніка: калі б ён не адваяваў у Івана Грознага полацкую і віцебскую землі, то сёння Полацак і Віцебск не былі б у складзе Беларусі, а былі б расейскімі.

У нядзелю, 4 снежня, а 12-й гадзіне ад гарадзенскіх замкаў пройдзе ўрачыстае шэсце гусараў Рэчы Паспалітай у гонар караля Стэфана Баторыя. Пасля чаго ў Фарным касцёле адбудзецца святая імша за караля.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня