Пасля замаху памёр прэзідэнт Гданьска Павел Адамовіч (абноўлена)
Супраць нянавісці, а перадусім, каб выказаць салідарнасць з сям’ёю памёрлага ў панядзелак прэзідэнта Гданьска Паўла Адамовіча, тысячы людзей выйшлі вечарам на вуліцы польскіх гарадоў. Каля 300 чалавек сабраліся таксама ў цэнтры Беластока.
– Мы салідарныя з сям’ёй памерлага. Гэта страшная трагедыя. Немагчыма паверыць у гэта!
– Пытанне, ці нешта зменіцца, ці гэта пачатак нечага яшчэ горшага. Памалу рабілася так, што ў Польшчы даваўся дазвол на дрэнныя словы, учынкі ў гэтай публічнай прасторы. Так не павінна быць у нармальнай краіне.
– Цяжка сказаць, што будзе далей. Такая сітуацыя не павінна была здарыцца. Людзі сабраліся з дабрачыннай мэтай, а не з мэтай зрабіць зло.
Прэзідэнт Гданьска Павел Адамовіч памёр у панядзелак пасля поўдня. У нядзелю ўвечары 27-гадовы мужчына напаў на яго з нажом. Палітык атрымаў сур’ёзныя раненні сэрца, аорты, дыяфрагмы ды ўнутраных органаў. Дзень пахавання прэзідэнта Гданьска Паўла Адамовіча будзе абвешчаны Днём нацыянальнай жалобы.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
* * *
Прэзідэнт Гданьска Павел Адамовіч быў адкрытым і талерантным чалавекам.
Фота PAP
І хоць у палітычным жыцці публічна не гаварыў пра свае беларускія карані, аднак падтрымліваў беларусаў і нашыя справы. Так пра загінулага прэзідэнта горада ўзгадала ў нашым эфіры прафесар, старшыня Беларускага культурнага таварыства “Хатка” Лена Глагоўская. Знаёмства з Паўлам Адамовічам пачалося прыкладна 21 год таму, распавяла спадарыня Алена:
– Звярнуліся пры нагодзе 85-х угодкаў БНР у 2003 годзе, каб узяў патранат над святкаваннем. Тады рыхтавалі выставу прац Пятра Сергіевіча. Ён адкрываў гэтую выставу. Пасля былі кантакты, звязаныя са знаходжаннем Беларускага ліцэя ў Гданьску. Прэзідэнт Адамовіч сустракаўся з ліцэістамі. Калі мы адкрывалі помнік Янку Купалу ў 2007 годзе, ён прымаў удзел.
Павел Адамовіч памёр у шпіталі ў Гданьску. 13 студзеня ён прымаў удзел у дабрачынным мерапрыемстве ў цэнтры горада, калі на сцэну выбег мужчына з нажом у руках і нанёс прэзідэнту некалькі ўдараў. Паранены Павел Адамовіч перанёс цяжкую аперацыю, лекары змагаліся за яго жыццё, аднак безвынікова. Сёння пасля поўдня стала вядома, што прэзідэнт Гданьска пайшоў з жыцця.
Цалкам размова з Ленай Глагоўскай у далучаным файле:
Спадарыня Лена між іншым узгадвае цікавыя факты сямейнай гісторыі Паўла Адамовіча, напрыклад, што яго бабулю са Смаргоні звалі Пелагея, а ягоны бацька вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
***
“Для нас сустрэча з Паўлам Адамовічам стала адкрыццём”, – узгадвае загінулага прэзідэнта Гданьска сустаршыня Беларускага дома ў Варшаве Алесь Зарэмбюк. Яго сустрэча з прэзідэнтам Адамовічам адбылася ў 2005 годзе падчас праходжання практыкі ў гарадской радзе горада Гданьска.
“Спадар прэзідэнт вельмі цёпла прыняў нашу групу мясцовых грамадскіх дзеячаў з Гарадзеншчыны”, – узгадвае Алесь Зарэмбюк:
– Шчыра размаўляў з намі. Сапраўды шчыра цікавіўся нашымі праблемамі, нашай сітуацыяй у Беларусі, і пытаў, чым яны маглі б дапамагчы. Гэта зрабіла на мяне тады, у 2005 годзе, вельмі вялікае ўражанне. Тое, што адбылося, гэта вельмі-вельмі несправядліва, таму што гэты палітык быў сапраўды ўзорным палітыкам, з якога трэба браць прыклад. Быў вельмі шчырым, вельмі сімпатычным чалавекам. Выказваю вялікія спачуванні яго родным.
Ва ўсёй Польшчы смуткуюць з нагоды трагічнай смерці прэзідэнта Гданьска Паўла Адамовіча. У Беластоку ў аўторак, 15 студзеня, у будынку Маршалкоўскай управы па вуліцы Кілінскага, 16 апоўдні будзе адкрыта Кніга спачуванняў.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
***
Дзень пахавання прэзідэнта Гданьска Паўла Адамовіча будзе абвешчаны Днём нацыянальнай жалобы, сказаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Падчас сённяшняга выступлення пасля сустрэчаў з лідарамі палітычных партый, было прынятае рашэнне, што не будзе ў Гданьску маршу супраць гвалту.
Прэзідэнт Анджэй Дуда пачаў сваё выступленне хвілінай маўчання:
– Прэзідэнт Павел Адамовіч належаў да польскай палітычнай эліты. Цягам 21 года быў прэзідэнтам Гданьска. Чалавекам, якому жыхары горада чарговы раз даверылі ганаровую пасаду, што ясна сведчыць, што яны былі задаволены яго працай, што яны цанілі яго як чалавека, які цягам 20 год спрычыніўся да развіцця іхнага горада.
27-гадовы нападнік , які быў учора затрыманы, не прызнае сваёй віны, паведаміла прэс-сакратар пракуратуры ў Гданьску.
Павел Адамовіч з 1998 года быў прэзідэнтам Гданьска. Быў жанаты, пакінуў двух дачок. Яму было 53 гады.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Marian Zubrzycki
* * *
Памёр прэзідэнт Гданьска Павел Адамовіч. У нядзелю ўвечары 27-гадовы мужчына напаў на яго з нажом. Палітык атрымаў сур’ёзныя раненні сэрца, аорты, дыяфрагмы ды ўнутраных органаў.
Аперацыя працягвалася пяць гадзін, яго стан з самага пачатку ацэньваўся як “вельмі цяжкі”.
Паўлу Адамовічу было 53 гады. У мінулым годзе яго пераабралі на пасаду прэзідэнта Гданьска.
Ён вядомы як прыхільнік палітыкі адкрытасці і талерантнасці. Спрыяў беларускай мове, і сам аб’ездзіў усю Беларусь. Неаднаразова публічна запрашаў на працу ў Гданьск грамадзян Беларусі. Бабуля Адамовіча паходзіла са Смаргоні, а бацька з Вільні. У Гданьск сям’я пераехала ў 1946 годзе.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота rp.pl
* * *
04-25. Як паведамляе Wyborcza.pl медыцынская аперацыя доўжылася ажно 5 гадзін. Лекар Томаш Стэфанэк, прадстаўнік Медыцынскага Універсітэцкага Цэнтру паведаміў, што стан Прэзідэнта Гданьску вельмі цяжкі. У час складанай аперыцыі яму пералівалі ажно 41 адзінку крыві. У Адамовіча сур’ёзна паранены сэрца, дыяфрагма і брушная поласць.
Замах на Прэзідэнта Гданьску адбыўся ў нядзелю, за колькі хвілін да 20-й польскага часу. Павал Адамовіч якраз дзякаваў людзям за падтрымку для Аркестра Святочнай Дапамогі. Перад самым фаерверкам на сцэну выскачыў нападнік, які здзейсніў некалькі ўдараў нажом. Удараў было не менш двух у вобласць сэрца.
Перад тым, як бандыт быў схоплены, ён паспеў выхапіць мікрафон і пракрычаць: „Алё, алё, маё імя Стэфан В. Я сядзеў невінаваты ў турме. Platforma Obywatelska мяне катавала!”. Усё выглядае на тое, што замах на Прэзідэнта Гданьску быў спланаваным.
00.30. Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў сваім Твітары паведаміў, што ён атрымаў інфармацыю наконт стану Паўла Адамовіча. Паводле яго паведамлення Адамовіч сур’ёзна паранены, яго стан цяжкі, хоць лекарам удалося аднавіць працу сэрца. Адамовічу зрабілі аперацыю. Дуда заклікаў маліцца за здароўе Паўла Адамовіча.
Падтрымку Прэзідэнту Гданьску выказалі многія іншыя польскія палітыкі, а таксама прадстаўнікі іншых краін і агульнаеўрапейскія лідары.
***
У Гданьску ў час дабрачыннага канцэрту невядомы выбег на сцэну і напаў з нажом на Прэзідэнта горада Паўла Адамовіча. Канцэртам, у час якога здарыўся напад, завяршалася дабрачынная акцыя Вялікі Аркестр Святочнай Дапамогі. Паводле адной з версій нападнік прайшоў на сцэну з журналісцкім бэджам.
Прэзідэнт сур’ёзна паранены і шпіталізаваны. Нападнік затрыманы аховай, яго матывы пакуль невядомыя. Паліцыя паведаміла, што нападніку 27 гадоў, з ім працуюць следчыя.
Паліцыя і прэс-сакратарка кіраўніка гораду Магдалена Скарупа-Качмарэк пакуль не нфармуюць пра стан параненага Паўла Адамовіча. У шпіталь прыехалі блізкія Адамовіча, а таксама яго супрацоўнікі і сябры, сярод якіх Прэзідэнт Сопату Яцэк Карноўскі.
Беларускае Радыё Рацыя
фота Bartosz Bańka / Agencja Gazeta