У Генпракуратуру паскардзіліся на выкраданне «людзьмі ў цывільным» праціўніка завода АКБ



У Генеральную пракуратуру Беларусі 2 мая накіраваная скарга на гвалтоўнае знікненне аднаго з лідараў ініцыятыўнай групы праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода Дзмітрыя Бекалюка.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, скаргу падала жонка актывіста Таццяна.

Паводле слоў праваабаронцы, Таццяна Бекалюк у сваёй скарзе піша, што 27 красавіка ў 11.38 у Берасці трое людзей у цывільным адзенні, як мяркуецца, супрацоўнікі Ленінскага РАУС, затрымалі яе мужа, пасадзілі ў аўтамабіль і павезлі. Пасля гэтага жанчына некалькі гадзін беспаспяхова спрабавала ўсталяваць месцазнаходжанне мужа.

Яна абтэлефанавала ўсе райаддзелы міліцыі ў Берасці: Ленінскі, Маскоўскі і Берасцейскі. Там заявілі, што яе мужа да іх не дастаўлялі.

Куды павезлі Дзмітрыя Бекалюка, таксама не ўдалося высветліць яго адвакату і сябрам. І толькі ў 14.20 Таццяна Бекалюк даведалася, што яе муж змешчаны ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС Берасця.

Таццяна Бекалюк у скарзе ў Генпракуратуру заяўляе, што ў дадзеным выпадку мела месца „гвалтоўнае знікненне”, і просіць прыняць меры па папярэджанні падобных парушэнняў у будучыні. У прыватнасці, яна патрабуе абавязаць супрацоўнікаў Ленінскага РАУС „не дапускаць гвалтоўных знікненняў і іншых парушэнняў права на свабоду і асабістую недатыкальнасць грамадзян: неадкладна прымаць меры да інфармавання сваякоў затрыманых пра месца іх утрымання і не дапускаць утойвання інфармацыі пра факт затрымання (арышту) або даных пра лёс або месцазнаходжанне затрыманага (арыштаванага)”.

Як адзначыў праваабаронца, гвалтоўным знікненнем лічыцца затрыманне, выкраданне або пазбаўленне волі ў любой іншай форме прадстаўнікамі дзяржавы пры наступнай адмове прызнаць факт пазбаўлення волi або ўтойванні звестак пра лёс ці месцазнаходжанне зніклай асобы, з прычыны чаго гэтая асоба пакінутая без абароны закона.

Кісляк дадаў, што ў дачыненні да Дзмітрыя Бекалюка быў складзены пратакол па ч. 3 арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Да суда ён знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання Ленінскага РАУС.

29 красавіка суд Ленінскага раёна пачаў разглядаць адміністрацыйную справу актывіста. Ён заявіў хадайніцтва аб азнаямленні з матэрыяламі справы і аб прадастаўленні адваката. Суддзя задаволіў іх і прызначыў наступнае пасяджэнне 11 мая. Бекалюка вызвалілі з-пад варты.

Гэта было чацвёртае затрыманне актывіста ў красавіку. 7 красавіка яго затрымалі ў Ленінскім РАУС, куды выклікалі позвай, 14 красавіка — на плошчы Леніна ў Берасці, дзе чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. 15 красавіка — у будынку суда Ленінскага раёна Берасця, куды актывіст прыйшоў па позве.

БелаПАН