У Германіі могуць заблакаваць Тэлеграм
Міністэрства ўнутраных спраў Германіі лічыць, што Telegram асабліва часта карыстаюцца экстрэмісты і праціўнікі вакцынацыі ад каронавірусу, піша dw.com.
Міністарка Нэнсі Фэзер выступіла за агульнаеўрапейскае рашэнне ў дачыненні да гэтага месэнджара. Яна прыгразіла заблакаваць папулярны Telegram, які, на думку ведамства, асабліва часта выкарыстоўваецца правымі экстрэмістамі і прыхільнікамі тэорый змовы для мабілізацыі сіл і рэсурсаў.
«Мы прававая дзяржава, але мы не можам у прынцыпе выключаць такую магчымасць. Адключэнне мела б вельмі сур’ёзныя наступствы і, зразумела, будзе крайняй мерай. Да гэтага павінны быць вычарпаныя ўсе іншыя опцыі», — сказала Нэнсі Фэзер у інтэрвію штотыднёвіку «Die Zeit», апублікаваным у сераду, 12 студзеня.
Агенцтва «dpa» адзначае, што ўладам, калі б яны канчаткова вырашылі заблакаваць месэнджар, давялося б пайсці на радыкальнай меры — пераканаць «Apple» і «Google» выключыць Telegram з крамаў прылад. Але і ў гэтым выпадку тыя, хто ўжо ўсталяваў Telegram, змогуць карыстацца ім і надалей. Да таго ж, Telegram можна загрузіць наўпрост з афіцыйнага сайта месэнджара.
Як паведамляе «dpa», урад Германіі тэарэтычна можа звярнуцца і да блакавання сетак, што з’яўляецца параўнальна эфектыўнай мерай, але тады ён абярэ шлях, якім ідуць аўтарытарныя дзяржавы.