У Глыбокім адбыўся чарговы мірны мітынг. Да людзей выйшаў кіраўнік раёна



Каля 400 чалавек выйшлі на мірную акцыю ў Глыбокім 14 жніўня. Жанчыны зноў былі адзетыя пераважна ў белае, трымалі белыя балонікі, кветкі і плакаты. Але ў гэты дзень да іх масава далучаліся і мужчыны.

На пачатку людзі сабраліся на цэнтральнай плошчы, туды да іх выйшаў нават старшыня Глыбоцкага райвыканкама Аляксандр Шубскі. Ён запытаўся ў людзей, што яны хочуць. Мітынгоўцы выказалі ўсе свае прэтэнзіі і задалі пытанні, на якія не атрымалі змястоўных і разгорнутых адказаў. Усіх прысутных здымала на відэакамеру міліцыя, стаяў аўтазак, але затрыманняў не было.

Паводле глыбачанаў, ім надакучыла цяперашняя ўлада ў Беларусі і ў іх шмат да яе пытанняў:

– Немагчыма глядзець на бязмежжа, якое адбываецца ў Менску ды іншых гарадах, як збіваюць дзяцей, моладзь, жанчын. Таму дома сядзець немагчыма, трэба неяк заяўляць пра тое, што гэтая ўлада, якая нясе толькі гвалт, ужо нам надакучыла.

– Задавалі пытанні і пра выбары, і пра спісы і прасілі, каб з сабой на сцэну прывёў камісію, каб мы маглі паглядзець гэтым людзям у вочы. І пра хлусню, і пра праўду, і пра парадкі.

Як кажа грамадскі актывіст з Глыбокага Вадзім Хлус, ён таксама задаў некалькі пытанняў, на якія пакуль не атрымаў адказаў:

– Я запытаўся, на якой падставе Зміцер Лупач арыштаваны. Мэр нічога не адказаў. Я там казаў ў натоўпе: а хапун, які быў у панядзелак, аўторак? І ён таксама нічога не адказаў.

Людзі запатрабавалі, каб з імі ўвечары а 18.00 старшыня Глыбоцкага райвыканкама Аляксандр Шубскі сустрэўся з мікрафонам і адказаў на іх пытанні, якія прадстаўнікі ад народа да гэтага часу занясуць у райвыканкам. Папярэдне кіраўнік раёна пагадзіўся на сустрэчу.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: vk.com