У Глыбокім дыктоўку пісалі ў раённай бібліятэцы



XIII Агульнацыянальную дыктоўку напісалі глыбачане ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы.  

Сёлета Глыбоцкаму раёну споўнілася  80 год, таму вырашана было ў Дзень роднай мовы абраць адпаведную тэму дыктоўкі. Тэкстам  дыктоўкі стала адна з легендаў пра назву горада Глыбокага ды яго ўладальнікаў Зяновіча і Корсака. Дыктоўку чытала былая настаўніца беларускай мовы, а цяпер ужо пенсіянерка, Ала Буцько. Яна мае вялікі стаж працы ў Глыбоцкай раённай гімназіі.

Як кажа Ала Буцько, дыктоўку пішуць людзі рознага ўзросту, як вучні, ліцэісты, так і глыбачане больш сталага ўзросту.  Двойкі за дыктоўку ніхто ніколі не атрымліваў, а вось 9 і 10 былі.

– Я лічу, што нядрэнна прыйсці хаця б раз у год і напісаць дыктоўку. Сабрацца разам вось так і праверыць свае веды. Я два гады таму таксама дыктавала. І людзі старэйшага ўзросту былі. Яны не ведаюць нават тых правіл. Правілы ж змяніліся. Гадоў так 10, напэўна,  мы працуем па новых правілах. І даволі паспяхова яны справіліся.

Дыктоўка была ананімнай. Але кожны, хто яе пісаў, можа даведацца пра вынікі на сайце Глыбоцкай раённай бібліятэкі паводле парадкавага нумару . Сёлета з 17 чалавек 9 балаў атрымаў толькі адзін.

Сярод тых, хто пісаў дыктоўку, быў і журналіст Зміцер Лупач:

– Мы рашылі далучыцца да мерапрыемства, якое праводзіла нашая бібліятэка,  і схадзіць на агульную дыктоўку. На гэты раз яны ўзялі тэкст, які менавіта датычыўся легенды пра наш горад. Я з гэтай легендай не зусім згодзен,  але раз нейкі чалавек яе прыдумаў, то напісалі дыктоўку па гэтай легендзе. Гэта добра, што  менавіта па мясцовай тэме, таму што людзей заўсёды цікавіць менавіта тое, што тычыцца лакальнай гісторыі або геаграфіі.

У Дзень роднай мовы ў Глыбоцкай бібліятэцы таксама адбылася сустрэча з пісьменнікам Францам Сіўко і была арганізавана выстава кніг, прысвечаная роднай беларускай зямлі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя