У Глыбокім міліцыянты затрымалі журналіста-фрылансера Змітра Лупача (абноўлена)
Як стала вядома глыбоцкім журналістам, Змітра Лупача будуць судзіць 11 траўня а 10.00 за ўдзел у быццам бы несанкцыянавай акцыі. У Глыбокае некалькі тыдняў таму прыязджаў блогер Ціханоўскі, і Зміцер разам з іншымі глыбачанамі прысутнічаў на гэтай сустрэчы.
***
На офіс, дзе ён працаваў, прыйшоў маёр міліцыі Глыбоцкага РАУС Сяргей Цырбан і два міліцыянты ў цывільным.
Перад гэтым Зміцер з калегам здымаў апытанку ў горадзе для тэлеканала «Белсат». Міліцыянты далі дапрацаваць на офісе Змітру і адправіць матэрыял. А потым Зміцер, пакінуўшы свой тэлефон і гаманец на офісе, пайшоў з міліцыянтамі. Яму далі патэлефанаваць жонцы, ёй Зміцер паведаміў, што яго забіраюць на суткі.
Але на якой падставе міліцыянты забралі Змітра, не ведаюць пакуль ні жонка, ні яго калегі.
Кажа Вадзім Хлус, які прысутнічаў пры затрыманні:
– Дзіма скідваў рэпартаж, ён сёння там рабіў апытанне. Зайшлі тры чалавекі, адзін з іх – Цырбан, дваіх у цывільным – я не ведаю, хто гэта такія. І кажуць, што хацелі б паразмаўляць са Змітрам. Ён сказаў: пачакайце 10 хвілін. 10 хвілін прайшло, ён скінуў матэрыял, выйшаў на вуліцу з імі паразмаўляць, а потым прыйшоў і сказаў. Што яго забіраюць на суткі. Яны яго павалаклі, а куды– не ведаем
Як даведалася кіраўнік Глыбоцкай суполкі ГА «БАЖ», журналістка Таццяна Смоткіна, Змітра забралі ў Глыбоцкім РАУС. Яна датэлефанавалася да маёра Сяргея Цырбана:
– Алё.
Таццяна Смоткіна: Добры дзень, Сяргей Сяргеевіч, гэта Таццяна Смоткіна вам тэлефануе. Скажыце, калі ласка, на якой падставе затрыманы Зміцер Лупач? Цікава ведаць усё журналісцкай супольнасці.
– Дрэнна вас чуваць, да пабачэння.
Не адказаў Сяргей Цырбан на гэтае пытанне і праваабаронцам.
Цяпер журналісты і праваабаронцы высвятляюць падставы, на якіх быў затрыманы Зміцер Лупач. Вядома толькі, што яго забралі на падставе нейкай адміністрацыйнай справе, так сказаў дзяжурны РАУС.
Нагадаем на Змітра Лупача сёлета міліцыянты склалі чатыры пратаколы па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП. Апошні быў складзены 30 красавіка ў Глыбокім менавіта маёрам Сяргеем Цырбанам траўня.
Беларускае Радыё Рацыя