У Глыбокім мяняюць усіх ксяндзоў, якія тут служылі



Развітанне са святарамі, якія служылі ў касцёле Святой Тройцы, адбылося ў Глыбокім. Перад гэтым прайшла імша, на якой маліліся за еднасць парафіі, а потым адбылася Працэсія Божага Цела. У ёй прынялі ўдзел жыхары горада і раёна, а ўзначаліў – біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

Біскуп прыехаў у Глыбокае, каб абвесціць пра перавод у іншыя парафіі двух святароў – пробашча Мечыслава Янчышына і ксяндза Віктара Місевіча. За апошні месяц у Глыбокім усе ксяндзы, па рашэнні біскупа, былі пераведзеныя ў іншыя месцы. Кажа глыбоцкі парафіянін і супрацоўнік газеты „Каталіцкі веснік” Зміцер Лупач:

Мне вельмі шкада, што пераводзяць ад нас ксяндза Віктара Місевіча, які тут шмат зрабіў. Ён з’яўляецца галоўным рэдактарам газеты “Каталіцкі веснік”. Ён шмат праводзіў сустрэч з моладдзю, быў прыкладам святара, якім ён павінен быць. Будзем спадзявацца, што ўсё ж наступіць час, калі Віктар Місевіч вернецца працаваць да нас у Глыбокае.

Зараз вернікі Глыбоцкай парафіі – у чаканні новых святароў. Шматлікія з іх ужо добра пасябравалі з ксяндзамі, таму не стрымлівалі ўсплёску пачуццяў. Але, як сказаў пробашч Мечыслаў Янчышын, у Касцёле няма дэмакратыі і трэба падпарадкоўвацца рашэнню біскупа.

[Not a valid template]

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя