У Глыбокім не асудзілі Змітра Лупача
Суддзя Глыбоцкага раённага суда Станіслаў Трапук 19 лютага агучыў пастанову – спыніць справу ў сувязі з недаказанасцю. Журналіста-фрылансера з Глыбокага вінавацілі ў парушэнні Закона аб СМІ і збіраліся прыцягнуць да адказнасці па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП за супрацу з тэлеканалам «Белсат». Падставай стаў сюжэт пра стан дома па вуліцы Савецкай у гарадскім пасёлку Падсвілле.
Першае пасяджэнне па гэтай справе прайшло 27 студзеня (тады суддзя Станіслаў Трапук вярнуў справу ў міліцыю на дапрацоўку), другое – сёння, 19 лютага.
Як кажа Зміцер Лупач, ён спадзяваўся на такое рашэнне суда:
– Я думаў, што яны не змогуць даказаць. Праўда было хваляванне, што яны ўзялі раздрукоўку майго мабільнага тэлефона ў МТС, але потым так спакойна падумаў: тэлефон жа не паказвае як я ездзіў – з камерай або без камеры.
Я таксама думаў, што міліцыянт складзе новы пратакол, а яны проста ўзялі стары пратакол, там закрэслілі дату 27, зверху напісалі 24, паставілі штэмпель «выпраўленаму верыць». Я звярнуўся па кансультацыю да юрыстаў, мне сказалі два незалежныя адзін ад аднаго юрысты, што гэта так не робіцца, што гэта парушэнне.
Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, ён быў задаволены вядзеннем судовага працэсу:
– Суддзя сапраўды імкнуўся разабрацца ва ўсіх акалічнасцях справы, але ў рэшце рэшт ён Змітра не апраўдаў. Ён вынес пастанову аб спыненні справы ў сувязі з недаказанасцю, то бок ён, у прынцыпе, палічыў, што правапарушэнне Змітром было ўчынена, а вось орган, які вёў адміністрацыйны працэс, не змог прадаставіць дастатковых для гэтага доказаў.
Павел Левінаў раіць Змітру Лупачу абскардзіць гэтую пастанову і прасіць суд другой інстанцыі змяніць фармулёўку на адсутнасць у дзеяннях журналіста складу адміністрацыйнага правапарушэння.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае