У Глыбокім пасадзілі старажытныя дрэвы



12 платанаў – такі падарунак для Глыбокага зрабілі мясцовыя незалежныя журналісты.

Гэтыя дрэвы, якія дасягаюць 2000-га ўзросту, з насення вырасціў на сваім прысядзібным участку рэдактар газеты “Вольнае Глыбокае” Уладзімір Скрабатун. Калі яны падраслі да паўметра, ён разам са сваімі калегамі пасадзіў іх каля дэндралагічнага саду.

Як кажа Уладзімір Скрабатун, пасадку дрэў ён узгадніў з кіраўніцтвам Глыбоцкага лясгаса. Яно дазволіла пасадзіць дрэвы не ў самім дэндрасадзе, а каля яго, бо ён лічыцца прыродаахоўным помнікам.

Дрэва даволі паўднёвае, але расце яно ад Міжземнамор’я аж да Паўночнага мора. А ў дыяметры самыя старыя дрэвы дасягаюць 6 метраў.

Платаны – высокія лістападныя дрэвы з густой шырокай кронай. Магутны зелянява-шэры ствол дасягае ў вышыню 50-ці метраў.

Жывуць платаны вельмі доўга. Самы буйны і самы старажытны з іх расце ў Турцыі, ля Басфора. Яго ўзрост больш за 2300 гадоў, вышыня – 50 метраў, акружнасць ствала 42 метры.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае