У Глыбокім пасол Ізраіля адкрыў памятны знак
Памятны знак на месцы сінагальнага комплекса габрэйскай абшчыны 18 чэрвеня адкрыў у Глыбокім Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ізраіля ў Беларусі Алом Шогам. Разам з ім у цырымоніі адкрыцця бралі ўдзел кіраўнік Глыбоцкага раёна Аляксандр Шубскі і памочнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Андрэй Раманаў.
Як сказаў амбасадар Ізраіля Алом Шогам, кожная нацыя шукае сваю гісторыю, свой нараціў, у іх даволі добры пачатак – дзесьці тры з паловай тысячы год – знаходзіцца ў нядрэннай кнізе “Бібліі”. А калі габрэі трапілі ў Беларусь, Еўропу, яны згубілі частку сваёй гісторыі.
– Мы забылі пра яе. І цяпер, калі мы знаходзімся на такіх падзеях, асабліва калі я, як прадстаўнік дзяржавы, знаходжуся тут з сябрамі, і мы знаходзім нашу гісторыю зноў, мы ўспамінаем яе, гэта для нас вельмі вялікае дасягненне. Таму што з сябрамі нашмат лягчэй згадаць гісторыю. Калі ты ўспамінаеш гісторыю з сябрамі, то яна не так баліць. Нашая гісторыя, на жаль, на нейкім этапе стала вельмі балючай. І калі мы сёння ёю займаемся, мы забываем гэтую боль, мы імкнемся яе неяк гэтую гісторыю запомніць, нагадаць можа нават іншым, каб не здарылася такое ні з кім другім.
Акрамя адкрыцця памятнага знака ў Глыбокім на месцы былой сінагогі, з Глыбоччыны пачалося адкрыццё турыстычнага маршруту “Страчаны рай. Жыццё і катастрофа беларускіх штэтлаў”. Рэалізацыя гэтага праекта стала вынікам візіту старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Андрэйчанкі ў Ерусалім. І, як зазначыў памочнік старшыні Палаты прадстаўнікоў Андрэй Раманаў, гэта не адзіны праект, які Беларусь мае намер ажыццявіць.
Цалкам матэрыял:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя