У Глыбокім патаемна судзілі фітнес-трэнера і культурыста
Суддзя Глыбоцкага суда Людміла Вашчанка ў чарговы раз пакарала суткамі грамадскага актывіста Аляксандра Шарабайку. На гэты раз яна судзіла яго па двух артыкулах – удзел у несанкцыянаванай акцыі і за непадпарадкаванне міліцыі – і прысудзіла 17 сутак арышту.
Як кажа жонка Аляксандра Шарабайкі Алена, мужа пачалі судзіць патаемна яшчэ ўчора, а потым працягнулі сёння, 20 лістапада. Суд быў праз скайп:
– Суд яшчэ быў учора, але мне нічога не паведамілі. Аляксандр падаваў хадайніцтва, каб яму выдзелілі адваката. Быў адвакат, мяне паклікалі сведкам, бо ў гэты дзень ён не ехаў на мітынг, а ехаў па сваіх справах і там спыніўся. Але суддзя адхіліла хадайніцтва аб апытанні сведкі.
Паводле Алены Шарабайкі, нягледзячы на тое, што быў адвакат, Аляксандр усё адно атрымаў шмат сутак, сем з якіх за непадпарадкаванне міліцыі:
– “Павесілі” яму і непадпарадкаванне. Але ж якое непадпарадкаванне, калі міліцыянты не прадстаўляліся. Яны ж самі відэа здымалі. Ён патрабаваў у іх дакументы, яны іх не паказалі. Сказалі, што не будуць. Але гэта не ўлічваецца, суддзя, не выходзячы з залі суда, не падымаючыяся са стула, агучыла прысуд.
Глыбоцкія міліцыянты рабілі дзве спробы затрымання Аляксандра Шарабайкі – 13 лістапада трое міліцыянтаў прыязджалі да яго дадому, але тады ім не ўдалося яго затрымаць. А 17 лістапада, увечары, калі ён ішоў па дачку ў школу, яго затрымлівалі ўжо міліцыянты на двух машынах.
Аляксандр Шарабайка вядомы на Глыбоччыне грамадскі актывіст, які смела выказвае свае думкі і пазіцыю ўладам. Ён таксама неаднаразова ўдзельнічаў у мірных акцыях пратэсту. Судзілі яго ўжо ў чацвёрты раз.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя