У Глыбокім прайшла акцыя пратэсту пад песню Віктара Цоя
Выказаць сваю нязгоду з вынікамі выбараў і іх правядзеннем выйшлі і глыбачане. Увечары ў асноўны дзень выбараў 9 жніўня, пасля аб’яўлення вынікаў галасавання, на галоўную плошчу ў Глыбокім прыйшло каля 100 чалавек. Спачатку некаторыя з іх чакалі вынікаў галасавання на сваіх участках і заўважылі, што сябры камісіяў сыходзяць адтуль праз “чорны ход”, каб не сустракацца з выбарцамі. Потым усе прыйшлі на плошчу.
Глыбачане паводзілі сябе мірна. Пасля таго, як яны ўключылі песню Віктара Цоя “Перемен”, да іх падышлі міліцыянты і выказалі сваё незадавальненне. Але вялікага канфлікту з гэтай нагоды не адбылося, і міліцыянты саступілі.
– Мы ўключылі музыку “Перамен”. Падышлі міліцыянты, маўляў, не правакуйце. А хто правакуе, вы самі правакуеце? Народ падышоў, дзеці абступілі. І разышліся.
– Народу не сабралася, як чакалася. Але калі падышлі міліцыянты, чалавек сорак з’явілася. Мы патлумачылі, што нічога не парушаем. Яны казалі, што ваша музыка замінае. Мы кажам, каму яна замінае, усё спакойна, мы нічога не парушаем.
Нягледзячы на тое, што быў адключаны інтэрнэт, людзі самаарганізаваліся пры дапамозе мабільных тэлефонаў і “сарафаннага радыё”. Мітынг атрымаўся стыхійным, але да яго ўжо рыхтаваліся ўлады. У прысутных было такое адчуванне, што на плошчу з’ехаліся ўсе міліцыянты горада. Як аказалася, прыехалі нават міліцыянты з бліжэйшых гарадоў.
У Глыбокім затрымалі некалькі чалавек. Пакуль вядомыя прозвішчы толькі дваіх затрыманых – журналіста Змітра Лупача і мясцовага трэнера па фітнесу Аляксандра Шарабайкі. Міліцыянты паведамілі жонкам, што іх будуць трымаць да суда. Але дата і час суда над імі пакуль невядомыя.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя