У Глыбокім прайшоў фэст „Дударскі рэй”



Трэці міжнародны фэст дударскіх рэгіёнаў “Дударскі рэй” завяршыўся ў Глыбокім.

Падчас фэсту адбыліся шэсце і выступы дудароў у чатырох населеных пунктах Глыбоччыны, гала-канцэрт у Глыбокім, прэзентацыя другой кнігі Віталя Воранава “Дудары глыбоцкага краю”, майстар-класы рамеснікаў. А таксама прайшла этнавечарына з паказам традыцыйных народных танцаў удзельнікаў фэсту на чале з народным тэатрам фальклору “Цярэшка” ды іншыя мерапрыемствы.

Як кажа арганізатар фэсту Віталь Воранаў, нягледзячы на тое, што не ўсе заяўленыя дудары і калектывы змаглі даехаць у Глыбокае, фэст атрымаўся па-сямейнаму атмасферным і ўтульным:

– Мне здавалася, што трэці фэст будзе больш сціплы таму, што ў нас пеменшыла колькасць удзельнікаў, колькасць рэгіёнаў. Але для сябе атрымаў такі нечаканы сюрпрыз, што атрымалася найбольш сяброўская, найбольш сардэчная атмасфера за ўсе гады. У першую чаргу таму, што мы далі магчымасць кожнаму рэгіёну напоўніцу прадставіць сваю дударскую традыцыю. У кожнага рэгіёна было больш часу, яны вельмі комплексна, па-першае, выступілі, па-другое, прадставілі свае танцы.

Паводле Віталя Воранава, у праграму наступнага фэсту яны плануюць уключыць наведванне яшчэ адной вядомай у Беларусі вёскі – Мосар Глыбоцкага раёна. Але, як кажа арганізатар, каб лепш падрыхтавацца, яны плануюць надалей ладзіць фэст раз у два гады. Таксама да наступнага свята яны хочуць далучыць прыватную ініцыятыву і перад фэстам правесці пленэр на дударскую тэматыку з удзелам прафесійных мастакоў.

Нагадаем, у трэцім міжнародным фэсце дударскіх рэгіёнаў на Глыбоччыне ўдзельнічалі дудары з Польшчы, Македоніі, Харватыі ды Беларусі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя