У Глыбокім прайшоў раённы выпускны баль



Раённы выпускны баль прайшоў на цэнтральнай плошчы Глыбокага. Сёлета выпускнікамі на Глыбоччыне сталі 216 дзяўчат і хлопцаў. На пачатку цырымоніі выпускнікі прайшліся шэсцем перад прысутнымі на свяце. Потым раённыя ўлады ўзнагародзілі медалямі і граматамі выдатнікаў вучобы і іх бацькоў.

Глыбоцкія выпускнікі распавядаюць, з якімі пачуццямі скончылі школу і што плануюць рабіць далей:

– Я збіраюся паступаць ва ўніверсітэт культуры. Насамрэч яшчэ не разумеем таго, што ўжо канец, што гэта апошні дзень. Вельмі хвалююча, але на душы радасна і сонечна ад таго, што мы разумеем, колькі насамрэч у нас уклалі бацькі і настаўнікі. Мы ўдзячныя ім за гэта. Дзяцінства ў нас скончваецца, як балонік пусцім яго ў неба, прыйдзе новы этап – юнацтва.

– Буду сумаваць, але не бяда, яшчэ шмат чаго наперадзе будзе. Планы вельмі вялікія, хачу стаць маркетолагам – самым запатрабаваным у краіне.

– Пэўная радасць канешне прысутнічае, аднак сумна расставацца са сваімі настаўнікамі і аднакласнікамі. 11 гадоў – гэта вялікі тэрмін, мы пасябравалі адзін з адным і сталі сям’ёй, якая ўсё роўна будзе бачыцца і сустракацца. Будзем памятаць адзін пра аднаго ўсё жыццё.

Выпускнікі падчас свята спявалі, танцавалі, віншавалі настаўнікаў, бацькоў і адно аднаго з заканчэннем школ і гімназіі. А пасля ўрачыстай цырымоніі на плошчы горада выпускнікі і іх бацькі працягнулі адзначаць свята ў кавярнях і рэстарацыях. На наступны дзень некаторыя з іх, па традыцыі, сустракалі світанак. А наперадзе іх чакае сур’ёзнае выпрабаванне – цэнтралізаванае тэставанне. Яно пачнецца 11 чэрвеня са здачы беларускай мовы.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя