У Глыбокім працягваецца судовы канвеер
Нядаўна быў асуджаны яшчэ адзін удзельнік пратэставых акцый Максім Крыш’яніц. Яго судзіў суддзя Андрэй Тарасевіч, які аштрафаваў хлопца на 20 базавых велічыняў. На Максіма было складзена аж тры пратаколы і яшчэ адзін склалі супрацоўнікі ДАІ за тое, што ён рухаўся не па тратуары, а па краі праезнай часткі.
Паводле Максіма Крыш’яніца, апошні пратакол ён не будзе аспрэчваць, а вось тры папярэдніх ён лічыць незаконнымі:
– А вось гэтыя тры пратаколы, яны сапраўды цікавыя. Таму што ў мяне была белая майка з надпісам “Я з народам. А ты?” Я не бачу ў ёй якойсьці сімволікі. Яна была проста белага колеру і чырвоныя літары напісаныя. Калі з’віўся ланцуг салідарнасць, я стаяў з белым балонікам. Адзін раз прымаў удзел у шэсці. І трэці раз я ішоў проста разам з усімі. За гэта цяпер нас судзяць.
Як кажа Максім Крыш’яніц, у нас у краіне адбываецца так, што сапраўдныя злачынцы, якія выкрадаюць, забіваюць людзей і здзекуюцца з іх – на свабодзе і займаюць дзяржаўныя пасады, а сумленных людзей судзяць.
– Людзі, якія выйшлі абараніць свае перакананні, не згодныя з тымі выбарамі, якія ў нас адбыліся. Гэта сапраўды так. Цяпер іх судзяць. Цяпер хутка нашых дзяцей будуць караць за тое, што яны проста ішлі ў школу. Або пазбаўляць правоў кіроўцаў за тое, што людзі ідуць па ходніках і скандуюць свае лозунгі. Хаця ў гэтым няма ніякага правапарушэння.
Акрамя штрафа 20 базавых велічыняў, Максім Крыш’яніц адседзеў яшчэ і трое сутак. Яго пасадзілі на суткі за тое, што пры сваім затрыманні ў Глыбокім РАУСе ён не захацеў выконваць загад маёра, які яму так і не прадставіўся. Міліцыянт загадаў яму стаць да сценкі тварам і з паднятымі рукамі адстаяць так гадзіну. Тады маёр казаў яму, што яго адпусцяць, але хлопец не пагадзіўся.
Калі Максім Крыш’яніц паскардзіўся ў Следчы камітэт, яму адказалі, што затрымлівалі яго для высвятлення асобы.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя