У Глыбокім пройдзе “Ноч музеяў”
“Ноч музеяў” у Глыбокім пачнецца з ток-шоу “Два мястэчкі – адна гісторыя”. Глыбоцкі гісторыка-этнаграфічны музей запрашае наведвальнікаў акунуцца ў мінуўшчыну разам з былымі ўладальнікамі Глыбокага – Іосіфам Корсакам і Юрыем Зяновічам. Супрацоўнікі музея абяцаюць незвычайную і цікавую тэатралізаваную і гістарычную праграму як для моладзі, так і для людзей старэйшага ўзросту.
Па словах навуковага супрацоўніка Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея Алены Мядзелец, “Ноч музеяў” распачнецца ва ўнутраным дворыку музея.
– Прэзентуем мы абсалютна новую праграму ў гэтым годзе. Нашымі ганаровымі гасцямі мерапрыемства стануць колішнія ўладальнікі Глыбокага Іосіф Корсак і Юрый Зяновіч. Патрапяць яны да нас на 2-3 гадзіны, і таму за гэты час мы павінны даведацца ў іх, як было ў тыя часы: якія забавы былі традыцыйныя, якія стравы былі іх любімыя, якія музычныя інструменты былі ім больш даспадобы, паглядзець і даведацца, у ягой жа вопратцы ў той час хадзілі. Вось гэта асноўныя моманты, на якія будзе звяртацца ўвага на ток-шоу.
“Ноч музеяў” адбудзецца 20 траўня з 18.00 па 23.00. За гэты час плануецца правеці квэст “Сем цудаў Глыбокага”, экскурсійны перформанс “Ідзі за…”. Падчас імпрэзаў наведвальнікі даведаюцца шмат новага з гісторыі Глыбокага і яго ўладальнікаў. А таксама змогуць паказаць свае краязнаўчыя веды ды адпачыць па-сяброўску за кубкам гарбаты.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае
Фота аўтаркі