У Глыбокім судзілі Змітра Лупача



У Глыбокім адбыўся суд над Змітром Лупачам за супрацу з тэлеканалам “Белсат” без акрэдытацыі. Але гэтым разам штраф незалежнаму журналісту не прысудзілі, бо справу суддзя Станіслаў Трапук адправіў у міліцыю на дапрацоўку. Як сказаў суддзя, па прычыне немагчымай устаноўкі дакладнай даты адміністрацыйнага правапарушэння.

Як кажа незалежны журналіст Зміцер Лупач, у яго было спадзяванне на тое, што суд 27 студзеня скончыцца менавіта так:

– Надзея была, бо ведаючы, хто будзе судзіць, і прачытаўшы рапарт, ведаў, што дата дакладна не тая.  Бо я ў пятніцу пазнаёміўся са справай.

Падчас працэсу незалежны журналіст падаваў шмат хадайніцтваў, частка з якіх была задаволеная судом, у тым ліку выклікаць як сведку праваабаронцу Паўла Левінава. Хоць на пачатку было адхілена хадайніцтва, каб ён прадстаўляў інтарэсы Змітра як спецыяліст.

Кажа Павел Левінаў:

– Выступаючы ў якасці сведкі, я выклаў пазіцыю нормаў права, але больш за ўсё мяне ўразіла рэпліка суддзі, што, аказваецца, не ён вырашае гэтыя справы, а паказаў пальцам уверх – вырашаюць “наверсе”, а тут толькі выконваюць. Таму, каб пачуць такое прызнанне, няхай і па-за межамі судовага пасяджэння, дзеля гэтага варта было прыехаць.

На суд былі выкліканыя і пенсіянеркі з мястэчка Падсвілле, якія трапілі ў сюжэт “Белсата” і скардзіліся журналісту на праблемы з утрыманнем свайго дома мясцовай ЖКГ.

Яны не вельмі добра пачувалі сябе ў судзе, нават некаторым рабілася блага. Ім было складана зразумець, чаму судзяць за праўду журналіста.

Таксама  Змітра Лупача прыехалі падтрымаць праваабаронцы з Віцебска і прыйшлі мясцовыя журналісты.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя