У Глыбокім судзяць журналіста-фрылансера Змітра Лупача
У Глыбокім 11 траўня пачаўся суд над журналістам-фрылансерам Змітром Лупачом.
На суд яго прывезлі з пастарунку на звычайным аўтамабілі два міліцыянты, сярод якіх быў маёр міліцыі Глыбоцкага РАУС Ігар Рыпінскі. 8 траўня глыбоцкія міліцыянты забралі журналіста з офіса і адвялі яго ў пастарунак, дзе ён прасядзеў да панядзелка. На яго быў складзены пратакол па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП за ўдзел у сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім у Глыбокім.
Як кажа Зміцер Лупач, умовы ўтрымання яго ў пастарунку былі звычайныя, фізічнага гвалту не чынілі, але і на шпацыр яго ніхто не выводзіў:
– Не страшна, але ж не санаторый. Кормяць нармальна. Інтэрнэту няма – вось што дрэнна. І нічога не ведаеш, што робіцца. І свету сонечнага тры дні не бачыў.
РР: Ці была дэзынфекцыя?
– Пырскалі раз рукі, ці два.
РР: А камера ўвогуле не дэзынфікуецца?
– У нас жа вірусу няма.
РР: А ці халодна было? Ці далі нейкія коўдры, штосьці такое?
– Ну калі спаць, то даюць коўдру. Калі не распранацца, то спаць можна.
Суддзя Андрэй Тарасевіч аб’явіў на судовым пасяджэнні, што журналіста судзяць па частцы 2 артыкула 22.9 КаАП (нібыта за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Пратакол на журналіста па гэтым артыкуле быў складзены маёрам міліцыі Сяргеем Цырбанам яшчэ 30 красавіка.
Тады Зміцер Лупач заявіў хадайніцтва, каб справы аб’ядналі ў адно судовае пасяджэнне. Суддзя яго задаволіў. Але потым журналіст заявіў новае хадайніцтва аб заключэнні дамовы з адвакатам з Менску або Віцебску. На гэта суддзя даў яму некалькі гадзінаў і агучыў, што суд працягнецца сёння, 11 траўня, а 16.00.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя