У Глыбокім ушанавалі памяць памерлых



На новых глыбоцкіх могілках у Харашках 2 лістапада сабраліся каталіцкія вернікі, каб згадаць сваіх памерлых родных і блізкіх, ушанаваць іх памяць і памаліцца за іх душы. Імпрэза адбылася каля капліцы, памінальную імшу ўзначаліў пробашч глыбоцкай парафіі Мікалай Ціхановіч. Аддаць даніну такім чынам сваім продкам сабралася каля 100 чалавек.

Ксёндз Мікалай Ціхановіч у сваёй прамове да вернікаў заклікаў перш-наперш кіравацца духоўнымі аспектамі жыцця, верыць у неўміручасць душы і ў з’яднанне з роднымі на нябёсах. А таксама зазначыў тое, што тыя, хто ў гэта сапраўды вераць і моляцца, то не робяць вялікіх галашэнняў на пахаваннях, а думаюць пра малітву за душы памерлых. Таксама ён нагадаў пра магчымасць рабіць адпусты за кагосьці з памерлых, каб іх душам было лягчэй на нябёсах.

Вернікі памаліліся, прынялі  камунію, а пасля прайшліся ў агульнай працэсіі па могілках. Пасля па жаданні глыбачан былі асобна асвечаныя магілы іх родных і наноўпастаўленыя помнікі на іх.

Могілкі ў Харашках дзейнічаюць з 1996 года, на іх пахавана ўжо больш за 3000 чалавек. Апошнім часам памірае вельмі шмат людзей, і ім ужо не хапае месца, каб там пахавацца. Некаторым родным вядомых у горадзе памерлых нават пайшлі на саступкі – выдзелілі месцы, скараціўшы дарожку паміж агароджай і магіламі з левага боку ад уваходу. І там ужо ўтварыўся цэлы шэраг пахаванняў. Для астатніх глыбоцкае ЖКГ побач расчысціла яшчэ адну пляцоўку, і там ужо пахавана некалькі дзясяткаў чалавек.

Дарэчы, толькі падчас памінальнай імпрэзы 2 лістапада на могілках пахавалі яшчэ двух чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя