У Глыбокім ушанавалі памяць польскіх жаўнераў



У Глыбокім ушанавалі памяць польскіх жаўнераў, якія загінулі 100 год таму падчас польска-савецкай вайны. У мерапрыемстве на могілках Копцеўка бралі ўдзел амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, пробашч глыбоцкай парафіі Сятой Тройцы Мікалай Ціханоўскі, мясцовыя ўлады, жыхары горада і вучні польскай школы.

Як кажа краязнаўца Кастусь Шыталь, адносіны палякаў і беларусаў на гэтых землях былі не зусім гладкія, але польска-бальшавіцкая вайна 1919-1921 гадоў была вызначальнай цывілізацыйна:

– Тады вырашалася будзе наш край пад бальшавіцкай дыктатурай ці тут усё ж будзе Еўропа, калі хоць не свая дзяржава, не беларуская, то хоць Польшча. Я асабіста адчуваю ўдзячнасць да гэтых палеглых жаўнераў. Дзякуючы ім нашыя дзяды і прадзеды мелі 19 гадоў спакойнай працы, магчымасці вызнаваць веру, жыць у еўрапейскай цывілізацыі. Яны адбаранілі наш край ад бальшавіцкіх ордаў.

Паводле амбасадара Польшчы ў Беларусі Артура Міхальскага, у юбілейны год 100-годдзя Варшаўскай бітвы 1920 года яны вырашылі наведваць магілы польскіх жаўнераў у Беларусі.

– Пачынаем гэтыя візіты. З раніцы наведалі могілкі ў Докшыцах, а цяпер у Глыбокім. Спадзяюся, што ў гэтым годзе мы зможам наведаць усе месцы ў Беларусі.

Як кажа амбасадар Польшчы Артур Міхальскі, такіх вялікіх пахаванняў, як у Глыбокім, у Беларусі каля 20, да таго ж ёсць і невялікія. Але ўсе яны плануюць аб’ехаць і ўшанаваць памяць тых, хто загінуў падчас польска-савецкай вайны.

Да пахаванняў польскіх жаўнераў у Глыбокім былі ўскладзеныя вянок, кветкі, на кожнай магіле запалілі лампадкі. А таксама на Копцеўцы адбыўся малебен, які ўзначаліў віцебскі біскуп Алег Буткевіч.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя