У Глыбокім збіраюць подпісы за закрыццё турмы
Кампанія па зборы подпісаў за закрыццё турмы стартуе ў Глыбокім. Яе ініцыявалі актывісты стваранай партыі „Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”. Як кажа адзін з іх – Зміцер Лупач, вельмі хачацца, каб на месцы турмы аднавілі былы прыгожы храм, бо нават у Беластоку ёсць храм, пабудаваны па праекце мясцовага Беразвецкага кляштара:
– Плануем сабраць подпісаў 100. Атрымаецца больш, то добра. І паглядзім, што нам адкажуць. Ці катэгарычна не, ці ўсё ж можа якія будуць варыянты. Наогул лічу, што ў такім маляўнічым месцы турма – гэта не плюс гораду. Канешне, калі б храм стаяў – дадаткова былі б турысты, і наогул гэта ж гістарычная спадчына Глыбокага.
Будынак выпраўленчай установа №13 знаходзіцца на ўскрайку горада ў раёне Беразвечча, і з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Раней там мясцілася царква, кляштар, а потым касцёл. Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі і БССР – з канца 1939 па чэрвень 1941 – тут быў сталінскі лагер. Пасля Другой сусветнай вайны і па цяперашні час – турма.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя
Фота westki.info