У Глыбокім з’явілася мемарыяльная шыльда ў гонар Віталя Гарановіча
У Глыбокім усталявалі мемарыяльную дошку на сярэдняй школе №3 у гонар паэта і педагога Віталя Гарановіча. Урачыстае яе адкрыццё было прымеркаванае да 40-гадовага юбілею школы.
Віталь Гарановіч – былы дырэктар узгаданай школы, які заўчасна пайшоў з жыцця ў красавіку пяць гадоў таму. Менавіта дзякуючы яму калісьці трэцяя школа горада была цалкам беларускамоўная, ды і гімназія на базе яе таксама. Але, на жаль, зараз гэтыя ўстановы ў Глыбокім рускамоўныя, а пра паўсядзённае ўжыванне беларускай мовы нагадваюць толькі ўспаміны пра былога дырэктара і тыя часы.
Кажа яго сябра, пісьменнік Анатоль Зэкаў:
– Ён сёння з намі, як і будзе, я думаю, заўсёды ў гэтай школе. І мова, якую ён тут песціў, усяляў у дзіцячыя душы менавіта ў гэтай установе, будзе гучаць. Будзе гучаць і слова Віталя Гарановіча. І тое, што ім закладзена ў душы настаўнікаў і школьнікаў, таксама не знікне.
Віталь Гарановіч займаўся папулярызацыяй беларускамоўнага навучання, быў сябрам Таварыства беларускай мовы і Таварыства беларускай школы.
У трэцяй школе Глыбокага плануюць яшчэ стварыць музей у гонар паэта і педагога.
[Not a valid template]Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае