У Глыбокім з’явіцца помнік Леніну
У той час, як Польшча праводзіць дэкамунізацыю, у Беларусі рыхтуюцца да адзначэння 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі і ўстаноўцы помніка Леніну. Да гэтага ўсур’ёз рыхтуюцца ў Глыбокім, што на Віцебшчыне.
Помнік Леніну ў двары трэцяй школы ў Глыбокім, які збіраюцца пераносіць у сквер (фота Канстанціна Бахіра)
Сквер ля “зялёнага” магазіна па вуліцы Леніна ў Глыбокім
Паводле мясцовага радыё, старшыня райвыканкама Алег Морхат падчас пасяджэння райвыканкама выказаўся пра значнасць рэвалюцыі і задаўся пытаннем: калі б не рэвалюцыя, то ці мела б Рэспубліка Беларусь суверэнітэт?
– Сціраецца з памяці гісторыя. Вы бачыце, як Польшча сцірае гісторыю, як сціраюць яе іншыя краіны. А за гэтым стаяць людзі, і будуць стаяць. І мы павінны памятаць пра іх. Колькі за гэты час у Глыбоцкім раёне, у Савецкім Саюзе загінула супрацоўнікаў… Мы плануем перастаноўку бюста Леніну ў сквер ля “зялёнага” магазіна. Калі вуліца носіць яго імя, уся прамысловая зона была адноўлена ў савецкія часы, то я ўнёс прапанову перанесці бюст з трэцяй школы, тым больш месца пустуе. Гісторыю трэба цаніць, як бы хто не ставіўся да Леніна.
Алег Морхат даў указанні намесніцы старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Таццяне Тарасевіч арганізаваць дэманстрацыю, канцэрт і прыцягнуць да гэтага ветэранаў.
У сваю чаргу Таццяна Тарасевіч сказала, што яшчэ плануецца арганізаваць вечар сустрэч для былых кіраўнікоў раёна і райкама партыі.
Вось толькі ў звычайных глыбачанаў, як заўжды, забыліся запытацца, ці патрэбна ім гэта ўсё.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае
Фота аўтаркі