У Глыбоцкі РАУС 1 верасня выклікаюць грамадскага актывіста Аляксандра Шэлепня



Як  кажа Аляксандр Шэлепень, раней глыбоцкія міліцыянты праводзілі з ім прафілактычную гутарку  наконт удзелу ў мірных акцыях, а  зараз у РАУС  ужо выклікаюць позвай у якасці асобы, у дачыненні якой вядзецца адміністрацыйны працэс.

– Прыехалі да мяне на працу. Позву прывезлі. Позву мне ўручылі, я распісаўся. Больш яны нічога не каментавалі. Ну вось позва: „Вы вызываетесь в качестве лица, в отношении которого ведётся административный процесс”.

РР: А па якім артыкуле?

– Па 23.34.

Днём раней пасля амаль двух сутак адсідкі ў Глыбоцкім ІЧУ і пасля суда, выйшаў на волю глыбоцкі актывіст Вадзім Хлус. 31 верасня суддзя Глыбоцкага раённага суда Людміла Вашчанка прысудзіла яму 15 базавых велічыняў штрафу. Міліцыянты затрымалі яго ў суботу 29 верасня ўвечары разам яшчэ з трыма чалавекамі.

– Нас бралі „гаёвыя”. Тузалі там дзесьці чатыры гадзіны. Дзяўчат адпусцілі. З імі была праведзеная гутарка. А хлопца і мяне затрымалі.

РР: А што за хлопец быў?

– Я прозвішча не памятаю. Нас усіх у адзіночкі пасадзілі.

У Глыбокім, пачынаючы з дня выбараў 9 жніўня, за ўдзел у несанкцыянаваных акцыях  адседзела на сутках каля 10  чалавек. Усяго было затрымана каля 80 чалавек,  з часткай міліцыянты правялі прафілактычныя гутаркі і адпусцілі, а на іншых былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы. Глыбоцкі суд караў удзельнікаў мірных акцый рознымі штрафамі – ад 5 да 15 базавых велічыняў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя