У Гомелі 8 сакавіка адзначаць веснавымі спевамі



Гомельская “Талака” запрашае адзначыць 8 сакавіка гукальнымі веснавымі спевамі. Старшыня краязнаўчай арганізацыі Зміцер Кірыенка распавёў, што ў беларускай народнай традыцыі асобнага свята жанчын няма. Аднак, паводле грамадскага актывіста, веснавы цыкл святаў мае выразны жаночы складнік.

 – Жаночасць увасабляецца ў тым, што большасць рытуальных дзеяў, якія адбываюцца, робіцца менавіта жанчынамі. Канкрэтна гэта дзявочыя спевы. Спяваюць вяснянкі выключна дзеўкі. Таксама ёсць традыцыя выпякання птушачак, якія падкідваюцца ўверх. І гэтым таксама займаліся ці дзеўкі, ці дзеці.

Паўдзельнічаць у веснавых спевах з “Талакой” можа любы ахвотны. Для гэтага дастаткова “ўзяць з сабой добры настрой”, гаворыцца ў запрашэнні арганізацыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота: kp.by