У Гомелі абмеркавалі адсутнасць незалежнага ТБ і інфармацыйную бяспеку
Журналісты і блогеры з Менска, Хоцімска і некалькіх гарадоў Гомельшчыны абмеркавалі сітуацыю з тэлевяшчаннем у Беларусі.
На мерапрыемстве, арганізаваным Гомельскай філіяй “Беларускай асацыяцыі журналістаў”, уздымалася праблема адсутнасці незалежнага тэлебачання і інфармацыйная бяспека. Журналіст-фрылансер Таццяна Бублікава лічыць ідэю стварэння незалежнага тэлеканала пры цяперашніх абставінах утопіяй.
– Канешне, трэба больш медыя, розных і цікавых. Хай яны будуць, хай канкуруюць, хай у гледача будзе выбар. Пытанне пра фарматы. Фармат тэлебачання – гэта не заўсёды мэтазгоднае рашэнне праблемы. Тэлебачанне, асабліва класічнае, глядзіце на «Белсаце», беларускіх каналах. Гэта заўсёды вельмі рэсурсаёмістае мерапрыемства.
Медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі звяртае ўвагу на нерашучасць дзеянняў уладаў Беларусі на спробы абараніць сваю тэлепрастору ад расейскай прапаганды.
– Калі мянялі Закон “Аб СМІ”, то міністр інфармацыі Алесь Карлюкевіч наўпрост сказаў, што задача – абмежаванне замежнага ўплыву на фармаванне нацыянальнага вяшчання. І вось тады было незразумела, пад замежным уплывам меўся на ўвазе той самы «Белсат» ці расейскае ТБ. Яны не расшыфроўвалі. Увогуле, беларускія чыноўнікі не хочуць казаць пра негатыўны ўплыў менавіта расейскага вяшчання.
Днямі эксперты “Беларускай асацыяцыі журналістаў” азнаёмілі грамадскасць з вынікамі маніторынгу расейскай прапаганды. З рэзультатаў даследавання вынікае, што асноўнымі праваднікамі чужога інфармацыйнага ўплыву з’яўляюцца беларускія дзяржаўныя тэлеканалы.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель