У Гомелі абмеркавалі чарнобыльскія праблемы



Гомельцы абмеркавалі чарнобыльскія праблемы і магчымасці іх асвятлення ў СМІ. У межах канферэнцыі Гомельскай філіі “Беларускай асацыяцыі журналістаў” “Праўда пра Чарнобыль” сябры арганізацыі падзяліліся сваім досведам распрацоўкі матэрыялаў на тэматыку наступстваў тэхнагеннай катастрофы на ЧАЭС. Журналіст-фрылансер Андрэй Мядзведзеў гаворыць пра тое, што незалежныя журналісты сутыкаюцца з мноствам перашкодаў на шляху збору інфармацыі пра прыродаахоўныя зоны.

Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік – гэта ўстанова вельмі закрытая. На мінулым тыдні мне давялося быць у Нараўлянскім раёне. Нават яшчэ не ўехаўшы ў зону, проста пад’ехаўшы да шыльды, каб сфатаграфаваць, спачатку нас спыніла памежная служба, бо там памежная зона, а потым увесь час мы ездзілі ў суправаджэнні машыны ДАІ.

Рэдактар партала rynak.by Аляксей Харкевіч заўважае, што афіцыйная статыстыка захворванняў жыхароў чарнобыльскіх тэрыторый, апублікаваная Белстатам у 2017 годзе, выклікала ў яго шэраг сумневаў.

Абсалютна па ўсіх захворваннях па спецыяльнай статыстыцы Белстата, якую яны ўпершыню паказалі па чарнобыльскім насельніцтве, вынікае, што людзі, якія пражываюць у чарнобыльскай зоне, у сярэднім хварэюць менш. Адзін раз у нас была магчымасць даведацца афіцыйную статыстыку захворванняў, але гэтыя лічбы, мякка кажучы, выклікаюць здзіўленне.

33 гады таму, 26 красавіка 1986 года, адбыўся выбух 4-га энергаблока Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Толькі ў сярэдзіне траўня 1986 года генеральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў выступіў па тэлебачанні з нагоды аварыі на ЧАЭС. Адносны перыяд галоснасці наступіў у першыя гады незалежнасці Беларусі, калі чарнобыльскія праблемы абмяркоўваліся досыць адкрыта і аб’ектыўна.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель