У Гомелі абмеркавалі сітуацыю з беларускамоўным навучаннем



Актывісты мясцовага аддзялення “Таварыства Беларускай мовы імя Францыска Скарыны” падзяліліся меркаваннямі адносна магчымасцей уплыву грамадзянскай супольнасці на дасягненне рэальнага раўнапраўя беларускай і расейскай моваў у сферы адукацыі. Сябра ТБМ Яўген Якавенка адзначае, што за апошнія тры гады працы арганізацыі атрымалася дабіцца пэўных саступак ад уладаў.

– Мы распрацавалі сістэму, у якой вёўся б асобны ўлік беларускамоўных дзетак.  Праз  пэўны час і пэўныя высілкі нам атрымалася праціснуць гэтую ідэю. Выканкам стварыў гэтую чаргу. І зараз, прынамсі, ёсць дзейсны механізм, як рэалізаваць права на беларускамоўную адукацыю.

Маладая маці Таццяна заўважае, што прываблівасць беларускай мовы для бацькоў залежыць ад якасці адукацыі і рэйтынгавасці навучальнай установы.

– Тут усё залежыць ад якасці адукацыі. У гімназіі №36 якасная адукацыя. І да іх прыходзіць вельмі шмат людзей, якія хочуць трапіць менавіта ў гэтую гімназію. Калі людзі не хочуць у беларускамоўны клас, яны ім кажуць шукаць іншую школу. У нас жадаючых, каб менавіта ў гімназію трапіць, хопіць.

На гэты момант у паўмільённым Гомелі дзейнічае ўсяго толькі адзін дзіцячы садок №160, у якім адбываецца набор у адзіную беларускамоўную групу. Не лепшая сітуацыя і са школьнай адукацыяй – на ўвесь горад часткова беларускамоўнай з’яўляецца гімназія №36 імя Івана Мележа.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель