У Гомелі адбылася вечарына памяці Уладзіміра Шыцікава
Гомельскія дэмакратычныя актывісты правялі вечарыну памяці ў гонар аднаго з пачынальнікаў апазіцыйнага руху ў горадзе над Сожам Уладзіміра Шыцікава.
Родныя і паплечнікі актывіста падзяліліся ўспамінамі пра тое, як ён сваім прыкладам часта натхняў на змаганне, прывёў многіх гомельцаў у дэмакратычныя арганізацыі. Палітык Уладзімір Кацора прыгадвае, што Уладзімір Шыцікаў прымаў удзел у першых чарнобыльскіх мітынгах, ладзіў акцыі супраць вайны ў Чачні і дапамагаў распаўсюджваць агітацыйную прадукцыю.
– Раней не было блогераў, але былі міні-друкарні, ксераксы. Зараз блогеры даносяць да насельніцтва сваю пазіцыю. А тады мы на рызографе друкавалі ўлёткі. Некалі дзён таму была сустрэча з Мікалаем Казловым, лідарам АГП, і былі новыя людзі і яны казалі, што трэба працаваць з насельніцтвам. Дык вось, мы з Уладзімірам і працавалі. У яго і дома, і на лецішчы быў адзін з рызографаў, і таму ў яго быў вобшук.
Уладзіміра Шыцікава не стала 2 сакавіка 2017 года. У канцы жыцця ён пакутваў ад цяжкай хваробы, але ўсё роўна працягваў цікавіцца палітычнай сітуацыяй у краіне.
Беларускае Радыё Рацыя