Вобшук у гомельскім цэнтры „Палеская, 52” доўжыўся прыкладна 10 гадзін (абноўлена)
Праваабаронцу Леаніда Судаленку адпусцілі ўвечары 5 студзеня пасля допыту ў 8-м (па Гомельскай вобласці) упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй.
Адначасова з допытам у яго кватэры прайшоў вобшук, былі канфіскаваныя ноўтбук і банкаўскія карткі.
„Фармальна допыт быў мяне як сведкі па крымінальнай справе Уладзіміра Няпомняшчых. Разам з тым большасць пытанняў тычыліся маёй юрыдычнай і іншай дапамогі людзям, якія трапілі пад затрыманні, штрафы і арышты пасля выбараў. Супрацоўніка УБАЗіК, да прыкладу, цікавіла: адкуль у мяне грошы на дапамогу людзям для аплаты дзяржаўнай пошліны пры падачы скаргаў? Я растлумачыў, што некалькі гадоў таму я стаў лаўрэатам міжнароднай прэміі ў галіне правоў чалавека і з гэтай прэміі выдзеліў грошы на дапамогу людзям. Ім у такое верыцца з цяжкасцю”, — пракаментаваў БелаПАН праваабаронца.
5 студзеня ў гомельскім грамадска-палітычным цэнтры „Палеская, 52”, дзе займаецца сваёй дзейнасцю праваабаронца, прайшоў вобшук, які доўжыўся прыблізна 10 гадзін. Былі канфіскаваныя 304 прадметы, большасць якіх — дакументы, што тычацца адміністрацыйных спраў і скаргаў удзельнікаў акцый пратэсту. УБАЗіК таксама канфіскавала тэхніку і бел-чырвона-белыя сцягі.
Акрамя таго, вобшукі прайшлі ў актывістаў і праваабаронцаў Васіля Палякова і Мікалая Новікава. У іх канфіскавалі камп’ютары. „Таксама сёння стала вядома, што вобшук прайшоў у Рэчыцы ў валанцёркі, якая дапамагала мне, — Таццяны Ласіцы”, — дадаў Судаленка.
Правядзенне вобшукаў прадстаўнікі сілавых структур растлумачылі крымінальнай справай, распачатай у дачыненні да актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Няпомняшчых, які быў затрыманы 23 снежня. Яго абвінавацілі ў „пагрозе гвалту прадстаўніку ўлады”.
5 студзеня прайшлі вобшукі ў гомельскім грамадска-палітычным цэнтры „Палеская, 52”, а таксама ў каардынатараў назірання на прэзідэнцкіх выбарах Мікалая Новікава і Васіля Палякова. У іх канфіскавалі тэхніку нібыта ў межах крымінальнай справы ў дачыненні да актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзіміра Няпомняшчых.
Санкцыю на вобшук у цэнтры „Палеская, 52” падпісаў выканаўца абавязкаў пракурора Гомельскага раёна. Правялі вобшук супрацоўнікі УБАЗіК пры падтрымцы АМАП.
Вобшук доўжыўся прыблізна 10 гадзін. У выніку канфіскаваныя 304 прадметы, большасць з іх — гэта дакументы праваабаронцы Леаніда Судаленкі: пастановы судоў, квітанцыі аб аплаце штрафаў, абскарджванні, лісты. Забралі таксама ўсю камп’ютарную тэхніку (сістэмныя блокі, ноўтбукі, носьбіты інфармацыі) і бел-чырвона-белыя сцягі, якія віселі на сценах офіса.
Пасля вобшуку супрацоўнікі УБАЗіК павезлі Судаленку „на размову”. Высветлілася, што ў цяперашні час праводзіцца вобшук у яго дома.
Судаленка актыўна спрыяў удзельнікам пратэстных акцый у абскарджанні рашэнняў судоў і даваў юрыдычную дапамогу.
Правядзенне вобшукаў прадстаўнікі сілавых структур растлумачылі крымінальнай справай, распачатай у дачыненні да актывіста АГП Уладзіміра Няпомняшчых, які быў затрыманы 23 снежня. Яго абвінавацілі ў „пагрозе гвалту прадстаўніку ўлады”. Гаворка ідзе пра памочніка пракурора Алесю Жураўлёву. Нібыта ў судзе Няпомняшчых выказаў на яе адрас нейкую пагрозу.
***
У Гомелі адбываецца ператрус у грамадска-палітычным цэнтры па вуліцы Палеская, 52.
Таксама супрацоўнікі органаў правялі канфіскацыю лічбавых носьбітаў на кватэры ў палітыка Васіля Палякова і ў прыватным доме ягонага калегі па Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Новікава. Дзеянні сілавікоў праходзяць у межах крымінальнай справы актывіста Уладзіміра Няпомняшчых, якога падазраюць у абразе службовай асобы. Васіль Палякоў распавядае пра тое, як праходзіў ператрус у яго дома.
– Даволі ветлівыя, нават абутак тут здымалі. Апраўдваліся, што яны толькі выканаўцы. Забралі ноўтбук, жорсткі дыск з кампутра, яшчэ планшэт і некалькі папер, але яны ніякай каштоўнасці не ўяўляюць.
Палітык Уладзімір Кацора перакананы, што ператрус у офісе на Палескай звязаны з тым, што вакол апазіцыйнага цэнтра сталі гуртавацца актывісты “новай хвалі”.
– Палеская заўсёды прыцягвала ўвагу гэтых органаў. Таксама Палеская нейкую ролю адыгрывала ў гэтых падзеях – удзел у выбарах, у назіраннях. Потым, калі праходзілі пратэсты, то ўся прававая дапамога праходзіла праз Палескую. Палякоў удзельнічаў у стварэнні абласной Каардынацыйнай рады. Некалькі рэзалюцый прымалася, якія потым агучваліся каля выканкама.
Палітычнага актывіста Уладзіміра Няпомняшчых затрымалі 23 снежня ў межах крымінальнай справы па абразе пракуроркі Алесі Жураўскай. Потым справа была перакваліфікаваная на больш сур’ёзны артыкул паводле пагрозаў службовай асобе. Максімальная санкцыя па артыкуле 366 Крымінальнага Кодэксу — пяць гадоў зняволення.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: фб-акаўнт грамадска-палітычнага цэнтра „Палеская, 52”