У Гомелі аштрафавалі журналістку-фрылансера



Суд Гомельскага раёна 13 студзеня разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай, прызнаўшы яе вінаватай у парушэнні арт. 22.9 КоАП (незаконны выраб прадукцыі СМІ). Яна аштрафаваная на 22 базавыя велічыні (4,62 млн. рублёў).

[youtube id=”h_yWg2lWfgQ”]

Шчыраковай пастаўлена ў віну, што 24 лістапада яна „незаконна інтэрв’юіравала жыхароў пасёлка Урыцкае”, а затым вырабіла сюжэт, прадэманстраваны пазней у эфіры спадарожнікавага тэлеканала „Белсат”. Сюжэт быў прысвечаны сацыяльным праблемам маладога чалавека — былога выхаванца школы-інтэрната.

Суддзя Аляксандр Лісоўскі адхіліў хадайніцтва журналісткі весці працэс на беларускай мове, матывуючы адмову тым, што адміністрацыйны пратакол складзены на расейскай мове.

Таксама суддзя заўважыў, што „згодна з законам аб СМІ, інтэрв’ю ў грамадзян Беларусі могуць браць толькі акрэдытаваныя асобы”.

Шчыракова сваю віну не прызнала і нагадала суду, што паводле заканадаўства праца без акрэдытацыі на замежны СМІ не прадугледжвае адміністрацыйнай адказнасці. Прадукцыя СМІ — гэта відэапраграма. Закон аб СМІ распаўсюджваецца на журналістаў, а фрылансераў гэты закон за журналістаў не прызнае. „Я не суб’ект закона аб СМІ. Я ніяк не магла вырабіць відэапраграму тэлеканала „Белсат”, бо не з’яўляюся рэдактарам, не маю працоўных адносінаў з тэлеканалам. У пратаколе няма ніякіх доказаў, што я зняты матэрыял нейкім чынам перадала тэлеканалу”, — адзначыла фрылансер.

Яна не адмаўляла, што здымала гэты сюжэт. Але, паводле слоў Шчыраковай, яна не перадавала відэаматэрыялы тэлеканалу „Белсат”, а размяшчала на адным з беларускіх сайтаў. Журналістка нагадала пра канстытуцыйнае права збіраць і распаўсюджваць інфармацыю.

„Нядаўна кіраўніцтва Беларускай асацыяцыі журналістаў звярнулася ў Адміністрацыю прэзідэнта. У лісце кіраўніку краіны нагадалі яго абяцанні не праследаваць незалежных журналістаў. Цяпер мы бачым, чаго вартыя абяцанні гэтага чалавека”, — пракаментавала рашэнне суда Шчыракова.

Яна будзе абскарджваць гэтую пастанову, каб яшчэ раз нагадаць пра сістэматычнае парушэнне свабоды слова ў Беларусі.

„У Беларусі сістэматычна парушаюцца правы на свабоду выказвання, свабоду прэсы, гэта агульнавядомы факт, і сённяшняе рашэнне суда як прыклад. Працэс праходзіў фармальна правільна, але суддзя не ўлічыў ніякіх аргументаў, якія прыводзіла Шчыракова. Сваю пазіцыю яна выклала правільна і аргументавана — яе дзеянні не могуць быць трактаваныя як парушэнне заканадаўства”, — адзначыў праваабаронца, член Беларускага Хельсінкскага камітэта Віктар Адзіночанка.

belapan.by