У Гомелі будуць працягвацца мерапрыемствы да100-годдзя БНР



У Гомелі будуць працягвацца мерапрыемствы, звязаныя са 100-годдзем Беларускай Народнай Рэспублікі. Грамадскасць горада плануе засяродзіцца на ўшанаванні памяці міністра сацыяльнай апекі БНР, ураджэнкі Гомеля, Палуты Бадуновай. Да яе дня нараджэння, якое адзначаецца 7 верасня, адбудзецца шэраг мерапрыемстваў, мэтай якіх з’яўляецца прыцягненне ўвагі да дзейнасці знакамітай зямлячкі. Гомельцы будуць дабівацца ўсталявання помнага знаку на месцы, дзе да рэвалюцыі стаяў дом сям’і Бадуновых.

Намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў заўважае, што ў Гомелі рана ці позна Палута Бадунова будзе ўшанаваная.

—  Насамрэч Гомелю наканавана мець вуліцу Бадуновай і мець помнік Палуце Бадуновай, і мець шыльды на ўсіх месцах, будынках, дзе так ці інакш прысутнічала Палута Бадунова. Таму што гэта частка гісторыі Гомеля, гісторыі рэгіёна. Іншая справа, калі гэта адбудзецца.

У канцы 2017 года прадстаўнікі гомельскай дэмакратычнай супольнасці і вядомыя навукоўцы звярталіся да гарадскіх уладаў з просьбай аб наданні адной з гарадскіх вуліц імя Палуты Бадуновай. У адказе гарвыканкама зазначаецца, што персона Палуты Бадуновай мала вывучаная, адпаведна, існуе патрэба ў далейшых архіўных працах.

Беларускае Радыё Рацыя