У Гомелі будуць судзіць відэаблогера Арцёма Шапарава
У судзе Чыгуначнага раёна будзе разглядацца адміністрацыйная справа па заяве дырэктаркі школы №3 Гомеля Ніны Старажэнкі. Кіраўнічка навучальнай установы палічыла, што блогер яе абразіў, зрабіўшы калаж, у якім дырэктарка была апранутая ў форме, падобнай да нацыстоўскай. Гэтак аўтар паказаў абсурднасць дзеянняў сацыяльных службаў, якія прыстрашалі шматдзетную маці Антаніну Шайнюк адабраннем дзяцей за размаляваныя шпалеры і наяўнасць хворага сабакі.
Арцём Шапараў гаворыць, што да суда ён падрыхтаваўся:
– Яна напісала на мяне дзве заявы, што я абразіў яе гонар і годнасць зместам роліка і ёй не спадабалася намаляваная аватарка, форма адзення. Яна сцвярджае, што гэта нацыстоўская форма. На мяне склалі пратакол па арт. 17.10.
Разгляд справы ў дачыненні да Арцёма Шапарава адбудзецца 10 ліпеня а 10-й гадзіне ў кабінеце 48 па адрасе: вул. Пушкіна, 10. Відэаблогер разлічвае на грамадскую падтрымку і салідарнасць з боку журналісцкай супольнасці.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота gomel.today