У Гомелі думаюць пра помнік удзельніку напалеонаўскага паходу на Маскву
У Гомелі абмяркоўваецца магчымасць усталявання копіі помніка польскаму князю Юзафу Панятоўскаму. Прадстаўнік грамадзянскай кампаніі „Справаводства па-беларуску” Ігар Случак нават звярнуўся ў гарвыканкам, каб гарадскія ўлады пасадзейнічалі ў вяртанні помніка на „гістарычнае месца” ля палаца Румянцавых-Паскевічаў. Гісторык Марыя Булавінская заўважае, што асоба Юзафа Панятоўскага мае ўскоснае дачыненне да беларускай гісторыі.
Марыя Булавінская: – Пасля задушэння паўстання 1830 года, якое разгарнулася на тэрыторыі Польшчы, расейскі імператар Мікалай І загадаў пераплавіць помнік на гузікі вайскоўцам. Таму можна сказаць, што Іван Фёдаравіч Паскевіч выратаваў гэты помнік, даставіўшы яго з Варшавы ў Гомель. Але складана казаць, якія ў яго былі сапраўдныя матывы. Магчыма, ён хацеў прадэманстраваць сваю доблесць. Альбо выказаць пашану годнаму суперніку. У любым разе князь Юзаф мае мала дачынення да нашай гісторыі, хоць змагаўся за зразумелыя тагачасным беларускім шляхцічам каштоўнасці. Ён ваяваў за аднаўленне беларуска-польскай дзяржавы Рэчы Паспалітай у межах 1772 года.
Гомельскі блогер Дзмітрый Новікаў уступае ў палеміку з ініцыятарам вяртання помніка польскаму дзеячу.
Дзмітрый Новікаў: – У Гомелі ёсць вельмі шмат сваіх герояў, якія вартыя таго, каб неяк быць адзначанымі на мапе горада помнікамі, шыльдамі альбо бюстамі. У якасці прыкладу я ў сваім блогу прыводзіў архітэктара Станіслава Шабунеўскага, які дагэтуль толкам не ўшанаваны, няма напаміну пра яго, калі не ўлічваць графіці на вуліцы Кірава. А ён, між іншым, спраектаваў некалькі будынкаў, якія вызначаюць аблічча горада. Тая ж міністр БНР Палута Бадунова. Яна нарадзілася ў Гомелі. У сучасных умовах складана ўявіць, каб яе ўшанавалі належным чынам. Але чаму няма грамадзянскай кампаніі, якая б узяла на сябе функцыю прасоўвання гэтай ідэі.
Эскіз скульптуры князя Панятоўскага быў выкананы вядомым дацкім скульптарам Бэрталем Торвальдсэнам. У Варшаве помнік з’явіўся ў 1829 годзе, але яго пасля задушэння шляхецкага паўстання ў якасці трафея канфіскаваў уладар гомельскага палацу Іван Паскевіч. Паводле Рыжскай мірнай дамовы 1921 года, адным з патрабаванняў польскага боку была перадача помніка вершніку з Гомеля ў Варшаву. У 1944 годзе помнік быў узарваны нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Цяпер ягоная дакладная копія знаходзіцца каля рэзыдэнцыі польскага прэзідэнта.
Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель