У Гомелі Кастуся Жукоўскага аштрафавалі і забралі ў пастарунак



У Гомелі пасля суда над Кастусём Жукоўскім затрымалі незалежных журналістаў. Суд Гомельскага раёна прызнаў карэспандэнта тэлеканала “Белсат” Кастуся Жукоўскага вінаватым у працы без акрэдытацыі, а пасля журналіста і яго калегу Наталлю Крывашэй затрымалі на ганку суда. Як распавёў паплечнік арыштаваных, журналістаў Анатоль Гатоўчыц, пасля суда карэспандэнты хацелі зняць на відэа шыльду на будынку:

– Суддзя Гомельскага раёна прызнаў вінаватым Кастуся Жукоўскага ў вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі беларускім МЗС для спадарожнікавага тэлеканалу „Белсат” і аштрафаваў яго на 25 базавых велічыняў. Пасля паседжання Жукоўскі вырашыў зняць на відэа шыльду суда Гомельскага раёна. Дзяжурны ахоўнік пачаў штурхаць Жукоўскага і выклікаў нарад міліцыі.

Разам з Кастусём Жукоўскім у пастарунак забралі і Наталлю Крывашэй. На дадзены момант іх тэлефоны адключаныя.

Трэба дадаць, што сённяшні суд – гэта ўжо 13-ты сёлетні выпадак пакарання журналістаў за працу без акрэдытацыі. Сярод найбольш пацярпелых ад рэпрэсій уладаў – карэспандэнты Беларускага Радыё Рацыя і тэлеканала Белсат.

Беларускае Радыё Рацыя