У Гомелі масава „галасавалі” ў выносныя скрыні



У Гомелі назіральнікі заяўляюць пра масавыя галасаванні па месцы знаходжання выбарцаў. Так кандыдат у дэпутаты Таццяна Канеўская распавядае, што на ўчастку для галасавання №4 Гомельскай-Савецкай акругі №34 сябры камісіі ўзялі ажно 210 бюлетэняў для галасавання па дамах.

– Пры гэтым назіральніца ўпэўнена гаворыць, што адрасоў было ці то два, ці то тры. Я для сябе зрабіла выснову, што ехаць на тры адрасы з 210 бюлетэнямі – гэта смешна. Хаця мне спрабуюць у камісіі патлумачыць, маўляў, раптам спатрэбяцца, яны ж іх назад прывязуць. Прайшло 2-3 хвіліны, і ад гэтага ж назіральніка паступае новая інфармацыя, што з участка вынеслі яшчэ адну скрыню з 60 бюлетэнямі. Ёй ужо не паказалі на колькі адрасоў.

Таццяна Канеўская адзначае, што пра падобную сітуацыю ёй паведамілі таксама назіральнікі іншых дваццаці сямі выбарчых участкаў для галасавання па Гомельскай-Савецкай акрузе №34.

Беларускае Радыё Рацыя