У Гомелі могуць ізноў абвесціць смяротны прысуд



У Гомелі можа быць зноўку абвешчаны смяротны прысуд. Следчы камітэт завяршыў расследаванне ў дачыненні да 33-гадовага жыхара абласнога цэнтра, які абвінавачваецца ў згвалтаванні і забойстве дзвюх жанчынаў. Сваіх ахвяраў ён падманным шляхам усаджваў у аўтамабіль, пасля чаго завозіў у гараж, дзе і забіваў. Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка звяртае ўвагу на тое, што статыстыка жорсткіх забойстваў не залежыць ад колькасці смяротных прысудаў.

– Калі б пасля Аляксандра Грунова больш не было такіх цяжкіх злачынцаў, тады б можна было казаць, што смяротнае пакаранне з’яўляецца эфектыўным сродкам прафілактыкі цяжкіх забойстваў. Але мы бачым, што ў нас у краіне ў цэлым і ў Гомельскім рэгіёне ў прыватнасці кожны год адбываюцца жудасныя забойствы, напрыклад, “рэчыцкі выпадак”, калі ўтапілі маладую дзяўчыну. У Гомельскім абласным судзе зараз на лаве падсудных знаходзяцца мужык і жонка з цыганскай сям’і, якія сваіх сваякоў забілі, а пасля спалілі. Па гэтай справе, дарэчы, можа быць таксама смяротны прысуд.

Абвінавачаны ў цяжкіх злачынствах гамяльчук мае сям’ю, выхоўвае 3-гадовага сына. Раней ён адсядзеў тры гады ў турме за разбой.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель