У Гомелі можа з’явіцца новы рух
Гомельскія грамадзянскія актывісты ствараюць Рух абароны правоў жанчын і дзяцей. Прадстаўнікі партыі левых „Справядлівы свет”, Аргкамітэта па стварэнні сацыяльнага руху „Разам”, Беларускага Хельсінкскага камітэта імкнуцца звярнуць увагу грамадства на праблему дыскрымінацыі жанчынаў і дзяцей ва ўмовах гаспадарчага крызісу. Праваабаронца Марыя Клімовіч мяркуе, што беларуская дзяржава ўскладняе жыццё людзям, якія трапілі ў складанае матэрыяльнае становішча.
Марыя Клімовіч: – Міністр працы кажа, што беларусы павінныя працаваць на дзвюх працах. То бок дзяржаве не сорамна, што яна плаціць за 8 гадзінаў працы дробязь. Дзяржава спрабуе навязаць думку, што сорамна быць малазабяспечаным. Таму трэба стварыць (прынамсі, паспрабаваць) рух, каб людзі, якіх дыскрымінуюць ці якія з’яўляюцца малазабяспечанымі, паспрабавалі аб’яднацца і пачалі вырашаць праблемы.
Юрый Глушакоў, арганізацыйны камітэт руху „Разам”: – У Беларусі маецца дыскрымінацыя пры прыёме на працу, калі маладых дзяўчат бяруць з пэўнымі перашкодамі. Маецца такая дыскрымінацыя пры звальненні. Маецца дрэннае стаўленне да жанчын, якія маюць дзяцей.
Паводле афіцыйных дадзеных Белстату, за рысай беднасці знаходзіцца амаль 4% беларускіх сем’яў. У такіх сем’ях грашовыя сродкі на аднаго чалавека не перавышаюць пражытачны мінімум у памеры 1-го мільёна 591-ой тысячы беларускіх рублёў у месяц.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель
Фота gomelspring.org