У Гомелі мужчына спрабаваў сябе спаліць
Сёння, 10 кастрычніка, каля 11 гадзін на праспекце Леніна ў Гомелі мужчына здзейсніў спробу самаспалення. Ён абліў сябе гаручай вадкасцю і падпаліў. Мінакі збілі з яго полымя і выклікалі „хуткую”.
Мужчына ляжаў на асфальце і казаў: «Не хачу жыць». Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкама Віталь Прыстромаў, спроба самаспалення звязаная з бытавымі прычынамі і алкаголем.
Яе здзейсніў 42-гадовы жыхар Добруша. Год таму ён развёўся з жонкай і цяпер шукаў сустрэчы з ёй, пасля адмовы пайшоў на адчайны крок. Пацярпелы цяпер у лякарні, медыкі аказваюць яму неабходную дапамогу.
За апошні час у Беларусі зафіксавана некалькі спробаў самаспалення. Так, паводле інфармацыі МНС, 8 кастрычніка ў Дубровенскім раёне мужчына падпаліў сябе і гаспадарчыя пабудовы. 18 верасня адбыліся дзве спробы самаспалення – 36-гадовы мужчына абліў сябе бензінам і падпаліў перад будынкам РАУС у Смалявічах, а ў Мінску ва ўласнай ваннай падпаліла на сабе вопратку 54-гадовая жанчына.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: tut.by