У Гомелі наліваюць кактэйль „Халакост”



У гомельскім бары „Рэд Паб” наведнікам прапаноўваецца кактэйль пад назвай „Халакост”. Каштуе гэты напой з міксу лікёраў, самбукі і тэкілы каля 120 тысячаў беларускіх рублёў. Гамяльчанка Ксенія Чындарава была шакаваная, калі ўбачыла ў карце алкагольных напояў кактэйль „Халакост”.

^D84AD0A7A1D525D31F1306CD03CCE65790225557013FDDF58E^pimgpsh_fullsize_distr

„Як такая назва магла некаму прыйсці ў галаву?!”, – абураецца Ксенія. Дзяўчына сцвярджае, што ніколі б не пайшла ў гэтую кавярню, калі б не інтэлектуальнае шоў для гомельскай моладзі „Мазгабойня”, якое стала ладзіцца ў памяшканнях „Рэд Паба”. Паводле Ксеніі, раней яна ставілася да „Рэд Паба” даволі прыязна, бо там адна з лепшых кухняў у горадзе і добрае абслугоўванне. Аднак пасля гэтага здарэння кавярня рызыкуе страціць сама меней адну пастаянную кліентку.

Гомельскі грамадскі актывіст Андрэй Стрыжак некалькі разоў удзельнічаў у разнастайных праектах, звязаных з гістарычнай памяццю пра габрэйскую абшчыну. Ён мяркуе, што гісторыю габрэяў немагчыма аддзяліць ад беларускай, паколькі гэты народ некалькі стагоддзяў жыў у Беларусі. У некаторыя перыяды каля паловы насельніцтва Гомеля складалі менавіта габрэі. Падзеі ХХ стагоддзя нанеслі катастрафічны ўдар па габрэйскай абшчыне. Цяпер у Гомелі пражывае ўсяго каля 2 тысячаў прадстаўнікоў габрэйскага народу.

„Самі габрэі практычна не выкарыстоўваюць слова халакост. У іх ёсць свой лексічны адпаведнік. Шоа – гэтае слова азначае ў літаральным сэнсе катастрофу. І гэта недалёка ад праўды. Справа ў тым, што нацысты фактычна знішчылі габрэйскую цывілізацыю як арганічную частку еўрапейскай культуры. Пасля ІІ Сусветнай вайны можна казаць хіба што пра спробу рэканструкцыі габрэйскай ідэнтычнасці ў новапаўсталай дзяржаве Ізраіль”, – адзначае Андрэй Стрыжак.

Гісторык Марыя Булавінская заўважае, што ў гады ІІ Сусветнай вайны на тэрыторыі Гомеля акупанты стварылі чатыры гета, дзе масава знішчалася габрэйскае насельніцтва. Дагэтуль даследчыкі не вызначылі агульную колькасць забітых габрэяў. „Паводле перапісу 1939 года ў Гомелі было зарэгістравана каля 41 тысячы габрэяў, што складала прыблізна 30% ад колькасці насельніцтва. Падчас вайны на вуліцах Быхаўская і Нова-Любенская, у Навабеліцы і ў прадмесці Манастырок былі створаныя абнесеныя калючым дротам пасяленні для габрэяў. У гэтых месцах магло загінуць ля 10 тысячаў жанчынаў, дзяцей і старых. Некаторых расстрэльвалі, а хтосьці паміраў ад жахлівых умоваў пражывання”, – распавядае Марыя Булавінская.

Валанцёр Андрэй Стрыжак хоча спадзявацца, што з’яўленне кактэйля з недарэчнай назвай „Халакост” – гэта праява нізкага ўзроўню адукацыі, а не знакі антысемітызму. „Я ўвогуле не люблю кактэйлі, а напоі з такой назвай зусім не пойдуць у горла. Ад „Халакоста” да тэматычнага кактэйля „Хатынь” – усяго крок. Маю надзею, што ўладальнікі кавярні прыбяруць гэты кактэйль з меню і прынясуць прабачэнні габрэйскай грамадзе”, – падкрэслівае Андрэй Стрыжак.

„Я не думаю, што гэта правакацыя. Хутчэй за ўсё ў людзей, якія прыдумалі назву „Халакост” для алкагольнага кактэйля, праблемы з пачуццём гумару. Яны не разумеюць, што ёсць рэчы, над якімі ўвогуле нельга жартаваць”, – падсумоўвае Ксенія Чындарава.

Гомельскі „Рэд Паб” – даволі папулярнае сярод гараджанаў месца для альтэрнатыўнага адпачынку. Перыядычна на сцэне бара выступаюць нават некаторыя беларускамоўныя гурты. У пачатку красавіка ў гэтым месцы праходзіла вечарына пад назвай „Русский дух”, падчас якой ды-джэі апраналіся ў расейскія нацыянальныя касцюмы, моладзь фатаграфавалася побач з гіганцкай матрошкай, наведнікі выпівалі гарэлку і закусвалі салёным гурком пад гукі папсы.

Мікола Бянько, Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота: Ксенія Чындарава