У Гомелі не адбыўся экалагічны пікет
3 ліпеня гомельскі бард і прадстаўнік ініцыятывы „Народны кантроль” Андрэй Мельнікаў планаваў правесці акцыю для прыцягнення ўвагі гомельцаў да нездавальняючага стану гарадскіх вадаёмаў. Аднак, паводле ягоных слоў, гарадскія ўлады зварот праігнаравалі.
Андрэй Мельнікаў:
– Гомель унікальны горад, я не ведаю іншага горада які б стаяў на такой колькасці вадаёмаў. Тут і рэчкі, і вялікая колькасць кар’ераў з вадой. Людзі ў іх купаліся, адпачывалі на берагах. На жаль, яны сталі выглядаць на шмат горш, чым некалькі дзесяцігоддзяў таму. Быў намер правесці 3 ліпеня пікет у Гомелі. 18 чэрвеня была пададзена мной заяўка на гэты пікет. Згодна заканадаўству, мне павінны былі ўжо адказаць як мінімум некалькі дзён таму. Але ніякага адказу няма.
+2014-07-03_Bianko_Melnikau_news
У заяўцы на правядзенне пікета Андрэй Мельнікаў абавязаўся забяспечыць парадак і выкананне закона „Аб масавых мерапрыемствах”. Паколькі гарвыканкам не адказаў на зварот у прадугледжаныя законам тэрміны, актывіст будзе спрабаваць прыцягнуць адказных асобаў да дысцыплінарнай адказнасці.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота narodny.org