У Гомелі не менш за пяць чалавек затрыманыя падчас Маршу смелых
У Гомелі не менш за пяць чалавек затрыманыя 15 лістапада падчас акцыі прыхільнікаў перамен, у тым ліку актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Няпомняшчых.
У акцыі ўдзельнічала каля 150 чалавек, яны прайшлі па горадзе разрозненымі групамі.
На скрыжаванні вуліц Савецкай і Ірынінскай было выстаўленае ачапленне з супрацоўнікаў АМАП, таму людзі не змаглі прайсці да плошчы Леніна. Яны развярнуліся і пайшлі да цырка. Прыблізна сотня чалавек прайшлі па праспекце Перамогі, скандуючы „Жыве Беларусь!” і „Лукашэнку ў аўтазак!”. Яны таксама спявалі песні „Тры чарапахі” і „Муры”.
Другая калона, прыкладна 50 чалавек, пайшла да каталіцкага храма. У яго двары людзі зладзілі імправізаваны мемарыял загінулых гамяльчаніна Аляксандра Віхора і жыхара Мінска Рамана Бандарэнкі. Людзі ўсклалі кветкі, запалілі лампадкі, ушанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання.
Яны планавалі прайсці па вуліцы Савецкай, але на скрыжаванні Савецкай і Рагачоўскай іх сустрэў АМАП, пасля чаго пратэстоўцы разышліся.
Фота: svaboda.org