У Гомелі невядомыя падбухторваюць да правакацыі
Невядомыя асобы распаўсюджваюць сярод гомельцаў інфармацыю пра акцыю, якая нібыта мусіць адбыцца ў горадзе над Сожам 18-га сакавіка. Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў лічаць, што гэта правакацыя. Паводле апазіцыйных дзеячаў, акцыя супраць так званага „дармаедскага дэкрэту” ў Гомелі запланаваная на 25 сакавіка. Сябра аргкамітэту Руху за скасаванне дэкрэта №3 Уладзімір Кацора нагадвае, што падчас лютаўскай акцыі ў Гомелі было агучана, што наступны мітынг адбудзецца менавіта 25 сакавіка:
– Першае, што прыходзіць на думку, – гэта дзеянні ўладаў, якія хочуць такім чынам кагосьці справакаваць. Мне здаецца, ініцыятары рассылкі лістоў спадзяюцца на тое, што грамадзяне збяруцца на нейкія неабдуманыя дзеянні. А потым ужо прапагандысты пакажуць патрэбную ім „карцінку”.
Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Няпомняшчых падкрэслівае, што апазіцыйныя сілы на 18 сакавіка нічога не плануюць:
– Людзі, можа, выйдуць, але пытанне – колькі іх выйдзе. Асноўная маса настроеная менавіта на 15-га і 25-га – тое, да чаго заклікалі Статкевіч, Лябедзька і іншыя апазіцыйныя палітыкі. А калі людзей нехта заклікае, то ён мусіць назвацца, а не рабіць гэта інкогніта. Я мяркую, што гэта правакацыя. Навошта? Каб унесці блытаніну ў нашыя шэрагі, каб ніхто не разумеў, што адбываецца.
Некаторыя жыхары Гомеля пачалі атрымліваць праз электронную пошту лісты, што 18 сакавіка ў горадзе нібыта адбудзецца акцыя пратэсту. Апазіцыйныя структуры папярэджваюць гомельцаў, што паведамленні сыходзяць не ад іх.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель