У Гомелі пачаўся разгяд крымінальных справаў аб „масавых беспарадках” (абноўлена)
У Гомелі пачаўся суд у дачыненні да траіх грамадзянаў, якіх абвінавачваюць у выкарыстанні «кактэйляў Молатава» падчас жнівеньскіх пратэстаў. На лаве падсудных — гомельцы Леанід Кавалёў, Дзмітрый Карнееў і непаўнагадовы Мікіта Залатароў. На першым пасяджэнні прагучала пазіцыя дзяржаўнага абвінавачання, з якога вынікае, што група пратэстоўцаў у складзе траіх абвінавачаных мела намер выкарыстаць на акцыях пратэсту гаручае рэчыва для дэстабілізацыі сітуацыі.
Прысутны на працэсе гомельскі грамадскі актывіст Ілля Міронаў, паслухаўшы паказанні Леаніда Кавалёва, выказвае сумнеў адносна таго, што падсудныя з’яўляюцца арганізаванай групай.
– Розныя людзі, якія выпадкова ў гэты час пад руку патрапілі нашым праваахоўным органам. І для стварэння «карцінкі» зрабілі гэты працэс, каб потым гэтую «карцінку» паказваць звычайным грамадзянам, што ў нам нібыта былі спробы кідаць «кактэйлі Молатава».
Маці непаўнагадовага Мікіты Залатарова Лілія непакоіцца за здароўе свайго сына, якому праз хранічную хваробу патрэбнае сістэмнае лячэнне.
– Лекі яму выдаюцца вельмі рэдка. Іх яму трэба прымаць штодзень, два разы ў дзень па дзве таблеткі. Цяпер прыступы ў яго пачасціліся. Нібыта сядзіць, пасміхаецца, але кажа, хачу плакаць, але не хачу вас хваляваць. Непакоіцца, кажа: ці выпусцяць, мама, пакуль не ведаю, я ведаю, што ні ў чым не вінаваты, спадзяюся, што выпусцяць.
Траіх пратэстоўцаў з Гомеля вінавацяць у тым, што вечарам 10 жніўня яны намерваліся выкарыстаць «кактэйлі Молатава» ў дачыненні да міліцыянтаў. У матэрыялах справы гаворыцца, што абвінавачаныя, уцякаючы ад пераследу праваахоўнікаў, кінулі ў іх бутэльку з вадкасцю, якая разбілася аб асфальт.
Сярод падсудных – 16-гадовы Мікіта Залатароў.
Беларускае Радыё Рацыя