Пачаўся суд над былым старшынём Гомельскага райвыканкама



4 снежня суд Цэнтральнага раёна Гомеля пачаў разгляд крымінальнай справы, пачатай у дачыненні да былога старшыні Гомельскага райвыканкама Аляксандра Сітніцы.

Інфармацыя пра затрыманне Сітніцы з’явілася ў сярэдзіне красавіка 2018 года. На сайта райвыканкама знікла інфармацыі пра яго як кіраўніка раённай адміністрацыі, аднак праваахоўныя органы не паведамлялі пра месцазнаходжанне чыноўніка. 13 красавіка ў Гомельскім аблвыканкаме сказалі, што Сітніца звольнены за сістэматычныя прагулы. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, экс-кіраўнік збег у Расію, але пасля вярнуўся і быў затрыманы. Афіцыйна ён быў затрыманы 14 красавіка.

Сітніцу інкрымінуюць шэраг эпізодаў хабару і перавышэнне ўлады (частка 3 артыкула 430, артыкул 426 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядае суддзя Аляксандр Піскуноў, абвінавачанне падтрымлівае Павел Цішкоўскі.

Былога кіраўніка абвінавачваюць у лабіяванні інтарэсаў камерцыйных структур. Сітніца пазнаёміўся з адным з камерсантаў, калі прасіў яго дапамагчы ў дзяржаўным добраўпарадкаванні. Пасля гэтага кіраўнік райвыканкама аказваў шэраг паслуг прыватнаму прадпрыемству, да прыкладу па выдзяленні зямельнага ўчастка, паскарэнні бюракратычных працэдур. Паводле версіі абвінавачання, Сітніца рабіў гэта не бясплатна. Так, ён прасіў камерсантаў аформіць на каго-небудзь аўтамабіль „Міцубісі-Паджэра”, які купіў для сябе. За рамонт і абслугоўванне аўтамабіля часта плацілі прадстаўнікі прыватнай структуры. Яны ж аплачвалі будаўнічыя матэрыялы і электраінструмент, калі Сітніца рабіў рамонт у сваёй кватэры і кватэры цешчы. „Дзякавалі” кіраўніку раёна, фінансуючы будаўніцтва лазні на дачы яго жонкі.

Пацярпелымі па справе прызнаныя тры прадпрыемствы раёна. Згодна з абвінавачаннем, Сітніца без аплаты браў прадукты харчавання ў фірмовых крамах прадпрыемстваў: памідоры, агуркі, квашаную капусту, бараніну і каўбасу. Прадукты яму патрэбныя былі як для асабістых патрэб, так і для прыёму гасцей.

„Абвінавачаны хацеў стварыць вобраз ветлівага і гасціннага кіраўніка”, — удакладніў прадстаўнік пракуратуры, зачытваючы пра эпізод з „бясплатнымі” прадуктамі для банкета.

Прадпрыемствам, на якіх Сітніца браў прадукты, нанесены ўрон прыблізна 40-60 тысяч рублёў. Гэтую шкоду былы кіраўнік кампенсаваў да суда, як і шкоду ад „бясплатнай перавозкі” розных грузаў, калі Сітніца, карыстаючыся сваім становішчам, „прасіў” кіраўнікоў прадпрыемстваў аб транспартных паслугах.

На думку Паўла Цішкоўскага, такія дзеянні кіраўніка прывялі да „падрыву аўтарытэту ўлады, дыскрэдытацыі дзяржаўных інстытутаў, фармавання ў грамадзян недаверу да ўлады”.

Віну былы кіраўнік раёна прызнаў цалкам. Яго дапытаюць у судзе 5 снежня.

belapan.by

Фота «Беларусь Сегодня»