У Гомелі пачаўся суд па „справе мытнікаў”



Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 28 ліпеня пачаў разгляд крымінальнай справы па абвінавачанні арганізаванай групы з 18 чалавек, у склад якой уваходзілі службовыя асобы Гомельскай мытні і прадстаўнікі некаторых фірмаў Гомеля, у дачы і атрыманні хабару, а таксама злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, махлярстве і пасрэдніцтве ў хабарніцтве.

Справа разглядаецца ў зале Гомельскага абласнога суда з-за вялікай колькасці абвінавачаных і адвакатаў. Абвінавачанне падтрымліваюць тры пракуроры. На працэс прыйшлі сваякі абвінавачаных, многія не змясціліся ў зале. 11 чалавек знаходзяцца ў клетцы, прычым адзін з іх асобна, а астатнія ледзь змяшчаюцца ў цеснай прасторы. Яшчэ сямёра абвінавачаных і іх адвакаты занялі палову залы.

Сярод фігурантаў справы старшыя аперупаўнаважаныя Гомельскай мытні, начальнік аддзела па барацьбе з кантрабандай, а таксама кіраўнікі і работнікі прыватных прадпрыемстваў, у тым ліку гандлёвых; індывідуальны прадпрымальнік, афіцыянтка прыдарожнага кафэ.

Амаль усе яны былі затрыманыя ў лютым—сакавіку 2016 года. Паводле абвінавачання, абвешчанага ў судзе, удзельнікі злачыннай групы бралі хабару за бесперашкодны праезд аўтамабіляў з Расіі ў Беларусь без суправаджальных або ветэрынарных дакументаў. Афіцыянтка кафэ, якая фігуруе ў справе, была пасрэднікам, і праз яе перадаваўся хабар мытнікам.

Сваякі абвінавачаных заявілі БелаПАН, што лічаць справу надуманай: „Справу раскруціў КДБ, але няма ніякай доказнай базы, абвінавачванні ніхто не прызнае. Ды і ўсё абвінавачанне будуецца на словах ужо асуджанага за транспарціроўку наркотыкаў былога супрацоўніка мытні. Ён абгаварыў ўсіх астатніх. Абвінавачваюць у атрыманні хабараў арганізаванай групай. А за што нібыта атрымлівалі хабар, так і не зразумела. Сума, якая ставіцца ў віну, — 2 тыс. долараў на ўсю групу. Але нават гэтых грошай ніхто не бачыў. Следства цягнулася паўтара года. Сын з турмы пісаў, што гэта не справа, а проста цырк, што квіткі на суд прадаваць трэба”.

Суд працягнецца допытам абвінавачаных.

БелаПАН