У Гомелі падрыхтавалі праграму развіцця рэгіёна
Група незалежных экспертаў з Гомеля распрацавала прапановы для дзяржаўнай Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. Экспертныя напрацоўкі даследчыкаў утрымліваюць рэкамендацыі ў сферах гаспадаркі, адукацыі, экалогіі і аховы здароўя.
Паводле кіраўніка ўстановы „Стратэгічная думка” Аляксея Харкевіча, аналагаў праведзенай працы пакуль што няма ў Беларусі:
– Мы здолелі распрацаваць больш 20 ідэй, якія ў рознай форме прапрацоўкі ляглі ў аснову нашага дакумента. Такі дастаткова масіўны атрымаўся дакумент, які прадстаўляе сабой неперадузятую дыягностыку існуючага стану пагроз і магчымасці, якія на дадзены момант існуюць на рынку. На гэтай аснове больш 20 ідэй, якія спадзяюся будуць выкарыстаны пры распрацоўцы праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця нашых органаў улады.
Каардынатар экспертнай групы Юрый Варонежцаў адзначае цікаўнасць да праекта з боку ўладаў:
– Мерапрыемства мне спадабалася тым, што ў ім узяў удзел прадстаўнік аблвыканкама – гэта добра. У нас намеціўся кантакт, намеціліся дарэчы кропкі перасячэння, супольныя погляды – даўно такога не было.
Праца над праектам вялася з улікам задачаў Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2030 года.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель