У Гомелі паказальна судзілі і арыштавалі ўхіліста ад арміі



Пракуратура Гомельскага раёна сумесна з раённым судом 8 верасня правяла выязное пасяджэнне ў будынку ваенкамата. На працэс былі запрошаныя ўсе прызыўнікі ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў, якія пражываюць у Гомельскім раёне. Адбыўся разгляд крымінальнай справы, распачатай у дачыненні да жыхара вёскі Галееўка 1992 года нараджэння, за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву.

Як паведаміў БелаПАН пракурор Гомельскага раёна Уладзіслаў Журакоўскі, абвінавачаны арыштаваны на два месяцы і ўзяты пад варту ў зале ваенкамата. Санкцыі артыкула 435 КК (ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву) прадугледжваюць пакаранне ад штрафу да пазбаўлення волі. У дадзеным выпадку была абраная мера пакарання ў выглядзе арышту, бо малады чалавек з 2013 года 26 разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за дробнае хуліганства, з’яўленне ў п’яным выглядзе ў грамадскім месцы, парушэнне правілаў дарожнага руху. Штрафы ён не аплачваў.

У 2016 годзе ў дачыненні да хлопца ўжо распачыналі крымінальную справу за ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву, але яна была спыненая, бо не было ўстаноўлена, што маладому чалавеку было належным чынам паведамлена пра прызыў. Яго шукалі, прыходзілі па месцы жыхарства, але маці адказвала, што сын на заробках у Расеі. Атрымалася ўстанавіць, што хлопец на самай справе працаваў у прыватніка ў Жыткавіцкім раёне, але ў тэлефоннай размове паведаміў, што не можа з’явіцца ў ваенкамат, бо працадаўца яго не адпускае. Назваць свайго працадаўцу адмовіўся.

„Сёння некаторыя маладыя людзі забываюць, што служба ў войску — абавязак, прапісаны ў заканадаўстве. Яны легкадумна не з’яўляюцца на мерапрыемствы прызыву, думаюць, што ў выпадку крымінальнага пераследу адкруцяцца штрафамі. Але гэты выпадак быў паказальным для тых, хто вырашыў адкасіць ад арміі”, — заявіў пракурор раёна.

У Гомельскім раёне ў 2015 годзе было распачата сем крымінальных спраў па артыкуле 435 КК, у 2016-м — восем, з пачатку 2017 года — дзве справы. Па статыстыцы ў раёне з 300 прызыўнікоў прыкладна 10% не з’яўляюцца адразу па позвах.

5 верасня набыў моц прыгавор у дачыненні да 26-гадовага жыхара Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, які таксама ўхіляўся ад прызыву і быў аштрафаваны на 150 базавых велічынь (3.450 рублёў).