У Гомелі павіншавалі беларускамоўных бізнесоўцаў
Гомельская філія ТБМ павіншавала бізнесоўцаў, якія прасоўваюць сваю прадукцыю на беларускай мове. Сябры таварыства падпісалі 24 лісты.
Акцыя прымеркаваная да Дня роднай мовы. Старшыня Гомельскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы Алеся Аўласевіч распавяла пра акалічнасці мерапрыемства.
Алеся Аўласевіч:
– Мы загадзя праводзілі акцыю „Дзякуй за мову”. Па выніках гэтай акцыі мы выбралі бізнэсоўцаў, якім сёння дасылаем лісты, у якіх мы віншуем са святам Дня роднай мовы, тлумачым, што гэта за свята. У прыватнасці, у лістах мы пісалі наступнае: „У святочны дзень мы жадаем Вам і калектыву прадпрыемства, якое Вы ўзначальваеце, здароўя, натхнення, энергіі і рацыі. Захоўвайце любоў да радзімы і павагу да нашай агульнай спадчыны, найважным элементам якой з’яўляецца нашая з Вамі родная мова”.
Пісьменнік Анатоль Бароўскі, які прысутнічаў на мерапрыемстве, заўважыў, што яго вельмі радуюць беларускамоўныя шыльды.
Анатоль Бароўскі:
– Мова – гэта як паветра, як дыханне, без чаго немагчыма жыць. І таму не толькі для пісьменнікаў, а для любых людзей увогуле, якія жывуць на беларускай зямлі, важна думаць, кахаць і гаварыць па-беларуску.
Удзельніца акцыі:
– Я прыйшла, каб падпісаць ліст да бізнесоўцаў, паколькі ў нашай краіне трэба дзякаваць тым, хто ўжывае беларускую мову і ўсяляк садзейнічае яе выкарыстанню.
Супрацоўнікі пошты з падазрэннем паставіліся да журналістаў, якія прыйшлі асвятляць акцыю ТБМ. Яны заяўлялі, што неабходна было загадзя скласці адпаведную дамову аб правядзенні відэаздымкаў. У іншым выпадку пагражалі выклікаць міліцыю.
Мерапрыемства завяршылі ўскладаннем кветак да помніка Кірылу Тураўскаму.
[Not a valid template]
Юлія Сівец, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Юлія Сівец